Ксёндз Эдмунд Друз прыняў абавязкі правінцыяла Нямецка-Галандска-Італьянска-Венгерскай правінцыі | Друк |
Душпастырства
01.09.2014 12:00

1 верасня 2014 г. кс. Эдмунд Друз TChr, які на працягу апошніх трох гадоў быў дырэктарам Пастаральнага цэнтра пры сакратарыяце Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі ў Мінску, прыняў абавязкі правінцыяла Нямецка-Галандска-Італьянска-Венгерскай правінцыі Таварыства Хрыста для палякаў эмігрантаў у Германіі.

Правінцыяльны дом, дзе будзе прабываць кс. Эдмунд Друз, знаходзіцца ў Бохуме.

Да абавязкаў новага правінцыяла належыць каардынацыя душпастырскай працы сярод палякаў эмігрантаў ва ўсіх тых дзяржавах, якія належаць да гэтай правінцыі, прадстаўленне правінцыі на касцёльных і дзяржаўных урачыстасцях, персанальныя намінацыі ў правінцыі. Ксёндз Эдмунд Друз будзе кіраваць служэннем каля 50 святароў з Таварыства Хрыста для палякаў эмігрантаў.

28 жніўня ў Пастаральным цэнтры ў Мінску адбылася развітальная сустрэча з кс. Эдмундам Друзам, падчас якой старшыня ККББ біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч падзякаваў святару за трохгадовае руплівае служэнне Касцёлу ў Беларусі і пажадаў у выкананні новых заданняў маладога запалу і сіл, патрэбных у далейшай працы на Захадзе.

Каталіцкі Касцёл у Беларусі вельмі ўдзячны кс. Эдмунду Друзу на вялікі ўклад у развіццё Касцёла ў нашай краіне, за стараннае, руплівае і сумленнае выкананне абавязкаў дырэктара Пастаральнага цэнтра і за аднаўленне дома епіскапату Беларусі.

Як адзначыў у размове з Сatholic.by сам кс. Эдмунд Друз, у Беларусі, дзе ён нарадзіўся, ён пакінуў частку свайго сэрца і будзе часта вяртацца ў думках да ўсіх сустрэч з беларускімі іерархамі, святарамі, вернікамі, асабліва ж да малітоўных сустрэч з вернікамі мінскага касцёла святых Сымона і Алены, дзе ў вольны ад штодзённых абавязкаў час ён цэлебраваў нядзельную і святочную Эўхарыстыю. Святар абяцае памятаць пра Касцёл у Беларусі, які адраджаецца, і просіць аб малітоўнай падтрымцы ў выкананні новай місіі і заданняў, якія былі яму давераны Таварыствам Хрыста.

Кс. Юрый Марціновіч

 
© 2003-2024 Catholic.by