Апостальскі Нунцый Габар Пінтэр пракаментаваў падпісаную ў Егіпце дэкларацыю паміж Касцёлам і Копцкай Праваслаўнай Царквой | Друк |
Іерархі
01.05.2017 10:52

Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр расказаў пра значэнне дэкларацыі, падпісанай 28 красавіка ў Егіпце Папам Рымскім і Патрыярхам Копцкай Праваслаўнай Царквы.

Сумесная дэкларацыя аб працягу шляху да поўнай эўхарыстычнай еднасці і адзінства паміж Цэрквамі двума іерархамі была падпісана ў каірскай рэзідэнцыі Патрыярха.

«У першую чаргу дакумент прадугледжвае ўзаемнае прызнанне сапраўднасці хросту кожнай з Цэркваў на афіцыйным узроўні, — адзначыў Нунцый. — Раней, калі такой дамоўленасці не было, сітуацыя выглядала нявызначанай і магла ствараць цяжкасці ў тых рэгіёнах, дзе прадстаўнікі гэтых канфесій жывуць побач».

Паводле слоў Апостальскага Нунцыя, у пацвярджэнні Копцкай Праваслаўнай Царквой хросту, удзеленага ў каталіцтве, больш не будзе неабходнасці. З іншымі старажытнымі ўсходнімі Цэрквамі такія дамоўленасці ўжо былі.
«Гэты дакумент вельмі важны, бо канкрэтна прагаворвае практычны бок пытання хросту абедзвюх канфесій. Стагоддзямі пытанне не было вырашана, таму прынятае рашэнне — гэта вельмі важны крок у будаванні далейшых адносін».

Ілья Лапато



 
© 2003-2024 Catholic.by