Апостальскі Нунцый лічыць прыярытэтнай задачай арганізацыю візіту Папы Рымскага ў Беларусь | Друк |
Іерархі
13.12.2016 14:14

Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр лічыць прыярытэтнай задачай арганізацыю візіту Папы Рымскага ў Беларусь. Пра гэта ён заявіў 13 снежня, адказваючы на пытанні журналістаў перад цырымоніяй уручэння даверчых грамат Прэзідэнту Беларусі.

«Для мяне гэта прыярытэтная задача. Мы будзем працаваць над арганізацыяй візіту Папы Рымскага ў Беларусь, але пакуль не магу сказаць адносна тэрмінаў і праграмы», — адзначыў каталіцкі іерарх.

Папскі пасланнік падкрэсліў, што вельмі аптымістычна глядзіць на перспектывы развіцця адносін паміж Ватыканам і Беларуссю.



«Я з чаканнем гляджу ў будучыню», — дадаў Апостальскі Нунцый, які знаходзіцца ў Беларусі каля чатырох месяцаў, і распавёў, што за гэты час пазнаёміўся з многімі беларусамі.

«Беларусы вельмі міралюбівыя, і гэта тая нацыя, якая імкнецца да міру з усімі краінамі, уключаючы сваіх суседзяў», — падкрэсліў прадстаўнік Папы.
Паводле слоў іерарха, гэтыя мэты супадаюць з асноўнымі задачамі, якія ставіць перад сабой Ватыкан. Апостальскі Нунцый у Беларусі звярнуў увагу на добры ўзровень супрацоўніцтва паміж Рыма-Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой.
Паводле БЕЛТА
(IL)


 
© 2003-2024 Catholic.by