«Правесці Сінод на тэму моладзі прапаноўвала яшчэ Маці Тэрэза»: арцыбіскуп Кандрусевіч пра тэму Сінода Біскупаў | Друк |
Іерархі
16.10.2016 10:15

У кастрычніку 2018 года ў Ватыкане пройдзе XV Генеральная асамблея Сінода Біскупаў «Моладзь, вера і распазнанне паклікання». Пра важнасць абранай тэмы ў каментарыі Catholic.by распавёў старшыня беларускага епіскапата арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Як выбіраецца тэма Сінода?

Напрыканцы кожнага Сінода Біскупаў сярод біскупаў праводзіцца адмысловае апытанне, дзе кожны іерарх прапаноўвае па тры тэмы, на якія варта правесці наступны Сінод.

фота Гжэгажа Галонзкі 

Пазней свае прапановы ўносяць і мясцовыя Канферэнцыі Біскупаў. Тэмы пры гэтым стаяць у спісе ў той паслядоўнасці і важнасці, якую бачаць біскупы.


фота Гжэгажа Галонзкі

«У ліку маіх тэмаў была тэма моладзі і тэма важнасці паклікання, — адзначыў іерарх. — З падобнымі прапановамі выступіў і наш епіскапат. І я вельмі цешуся, што наступны Сінод вырашана прысвяціць пытанням моладзі — гэта азначае, што прапанаваныя тэмы біскупаў з іншых краін шмат у чым супадалі».



Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч таксама прыгадаў 1994 год, калі ў ліку ўдзельнікаў Сінода прысутнічала Маці Тэрэза з Калькуты.

«Той Сінод быў прысвечаны кансэкраванаму жыццю. Чатыры тыдні працы Сінода я сядзеў у адной зале разам з Маці Тэрэзай. Памятаю, у сваёй прамове на тэму кансэкраванага жыцця манахіня звярнула асаблівую ўвагу на ролю моладзі ў будучыні Касцёла і вельмі прасіла, каб адзін з пазнейшых Сінодаў быў прысвечаны гэтай тэме. Мне тады вельмі запомніліся гэтыя словы, бо я і сам не раз разважаў на гэту тэму. Таму ўдвая прыемна, што наступны Сінод такім чынам улічыць і волю сястры Тэрэзы».

Падрыхтоўка да Сінода Біскупаў доўжыцца каля двух гадоў. Для гэтых мэтаў у Ватыкане працуе адмысловая перадсінадальная камісія. Старшыня беларускага епіскапату ў свой час таксама ўваходзіў у яе склад.

«Я быў членам перадсінадальнай камісіі перад Сінодам Біскупаў 1999 года, — прыгадвае арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. — У нашы абавязкі ўваходзіў у тым ліку аналіз тэмаў, якія Канферэнцыі Біскупаў розных краін накіроўвалі ў Ватыкан.

Ужо пасля на Сінодзе абіраецца і постсінадальная камісія, якая робіць аналіз Сінода і дапамагае ў падрыхтоўцы постсінадальнай адгартацыі, а таксама прадстаўляе Папу прапанаваныя біскупамі тэмы для будучага Сінода».

«Моладзь — надзея Касцёла і свету»

Падкрэсліваючы актуальнасць абранай тэмы, беларускі іерарх прыгадаў словы святога Яна Паўла ІІ пра тое, што моладзь — надзея Касцёла і свету.

«Якой будзе моладзь, такім будзе Касцёл, такім будзе свет. Калі ў сям’і няма дзяцей, то род завяршаецца. Тое самае і з Касцёлам: калі ў ім няма дзяцей, то ў яго няма перспектыў... Тэма маладога пакалення вельмі і вельмі важная, асабліва калі мы хочам бачыць будучыню, збудаваную на хрысціянскіх каштоўнасцях», — адзначыў Мітрапаліт.

Арцыпастыр дадаў, што тэму паклікання сярод моладзі ў ліку прыярытэтных тэмаў на Сінод Біскупаў заяўляў у свой час і беларускі епіскапат.

Прыгадваючы выступленне свецкіх у якасці рэлятараў на Сінодзе Біскупаў пра сям’ю, арцыбіскуп Кандрусевіч выказаў спадзяванне, што ў 2018 годзе на Сінод у якасці дарадчыкаў будуць запрошаны і прадстаўнікі постсавецкіх краін, у прыватнасці моладзь з Беларусі.

Ілья Лапато

 
© 2003-2024 Catholic.by