Мітрапаліт Кандрусевіч да літоўскіх душпастыраў: «Шляхам святарства трэба ісці да канца» | Друк |
Іерархі
14.09.2016 18:19

Па запрашэнні арцыбіскупа Мітрапаліта Каўнаскага Лонгінаса Вірбаласа 14 верасня ў межах адпусту Божай Маці ў Шылуве Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў святую Імшу. Штогадавы адпуст працягваецца ўвесь тыдзень, а дзень 14 верасня сёлета прысвечаны малітвам за святароў.

Беларускі арцыпастыр прамовіў гамілію і звярнуўся да прысутных на літоўскай мове.

Мітрапаліт нагадаў, што і Літва, і Беларусь з’яўляюцца Марыйнай зямлёй. Гэта пацвярджае не толькі распраўсюджаны тут культ Панны Марыі, але і падобнае паходжанне галоўных святынь гэтых краін. «Санктуарый Маці Божай у Шылуве пяць гадоў таму адзначыў сваё 400-годдзе, у Будславе тры гады таму мы адзначалі такі самы юбілей. Слова "Будслаў" паходзіць ад слова “буда”, што азначае маленькі домік, дзе спачатку праслаўлялася Марыя. Слова "Шылува" таксама паходзіць ад слова “буда” або “шылас” — маленькі драўляны домік, — адзначыў беларускі іерарх. — Больш за тое, у часы ўзвядзення гэтых святынь нашы краіны належалі да Вялікага княства Літоўскага».

«Праз паслугу святароў Касцёл вядзе чалавека да вечнага жыцця. Езус адорвае святароў сваімі дарамі не для іх саміх, а для людзей. Таму Папа Бэнэдыкт XVI кажа, што святар павінен быць спецыялістам у справе спаткання чалавека з Богам, — дадаў іерарх і нагадаў, што гэтае спатканне адбываецца праз служэнне святара ў трох кірунках: вучыць, асвячаць і кіраваць. — Дзейнасць жа святара — гэта знак Божай міласэрнасці, а Касцёл без святара не можа споўніць сваёй місіі».

Мітрапаліт заклікаў прысутных святароў ля ног Маці Божай з Шылувы зрабіць рахунак сумлення. «Марыя да канца засталася вернай свайму пакліканню, і святары павінны быць такімі ж. Пакліканне да святарства — гэта шлях у адным напрамку, шлях без білету назад, па ім трэба ісці да канца», — падкрэсліў арцыбіскуп.

На заканчэнне беларускі арцыпастыр заклікаў літоўскіх вернікаў маліцца за сваіх святароў, «каб яны былі радасцю і надзеяй для людзей, з якіх былі пакліканы».

(DN), (VGr)

 
© 2003-2024 Catholic.by