Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пастырскае пасланне Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на новы катэхетычны 2016/2017 год
Іерархі
08.09.2016 10:19

Тэкст на польскай мове>>>

Катэхеза — фундаментальнае заданне Касцёла

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, катэхеты, моладзь, дзеці, уся рэлігійная супольнасць Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі!

1. Распачаўся новы навучальны год, з якім распачынаецца і год катэхетычны. Дзеці пайшлі ў школу, каб здабываць веды. Чалавек — гэта не толькі цела, але і душа, і яна таксама патрабуе духоўнай адукацыі і выхавання, а іх можна атрымаць у гэтак званых нядзельных школах пры парафіях.

У новых сацыяльна-палітычных абставінах свабоды веравызнання ўжо больш за чвэрць стагоддзя Каталіцкі Касцёл праводзіць рэгулярную катэхізацыю дзяцей, моладзі і старэйшых людзей. За гэты час былі падрыхтаваны падручнікі для вучняў усіх класаў, а таксама іншыя дапаможныя матэрыялы для катэхетаў. Мінскі тэалагічны каледж імя св. Яна Хрысціцеля ўжо шэсць гадоў вядзе падрыхтоўку катэхетаў. Многія з яго выпускнікоў разам са святарамі і кансэкраванымі асобамі плённа займаюцца катэхізацыяй.

У большасці парафій ёсць адпаведная матэрыяльная база для паспяховай арганізацыі катэхізацыі. Гэта найперш катэхетычныя залы, бібліятэкі і відэатэкі, іншыя катэхетычныя матэрыялы.

2. Такім чынам, катэхізацыя ў нашых парафіях павінна быць на высокім узроўні. І так ёсць у многіх з іх, але не ва ўсіх. Пастырскія візітацыі, якія цяпер праводзяцца з нагоды юбілею 25-годдзя адраджэння структур Каталіцкага Касцёла ў нашай краіне з мэтай ацаніць пастырскую дзейнасць парафій і падсумаваць дзейнасць Касцёла за гэты перыяд, паказваюць, што не паўсюль адпаведна выкарыстоўваюцца наяўныя магчымасці і катэхізацыя моцна кульгае.

Трэба сцвердзіць, што калі катэхізацыя дзяцей і падрыхтоўка да першай споведзі і святой Камуніі з большым ці меншым поспехам адбываецца паўсюль, то далей яна або зусім не праводзіцца, або праводзіцца вельмі слаба. Мала дзе арганізавана катэхізацыя дарослых, якія ў свой час не мелі такой магчымасці.

Прашу звярнуць на гэта самую пільную ўвагу. Лацінская прыказка кажа: «Repetitio est Mater studiorum» — «Паўтарэнне — маці навучання». Тут жа гаворка ідзе не толькі аб паглыбленні таго, чаму дзеці вучыліся падчас падрыхтоўкі да першай споведзі і святой Камуніі, але і аб пашырэнні сваіх рэлігійных ведаў і адказе на складаныя духоўныя і маральныя праблемы сучаснасці, якія асабліва турбуюць моладзь.

Большую ўвагу трэба звярнуць на катэхізацыю перад сакрамэнтам канфірмацыі. Сакрамэнт канфірмацыі — гэта сакрамэнт сталага хрысціянства, і таму падрыхтоўка да яго павінна быць вельмі адказнай, каб ён не стаў сакрамэнтам развітання з Касцёлам, як часам кажуць некаторыя пастыры. Праблема ў тым, што многія маладыя людзі часта трактуюць гэты сакрамэнт толькі як неабходнасць атрымаць пасведчанне, якое потым спатрэбіцца для заключэння касцёльнага шлюбу.

Сакрамэнт канфірмацыі — гэта сакрамэнт Духа Святога. У ім мы атрымліваем сем Яго дароў, каб быць здольнымі не толькі захаваць веру, але і бараніць яе, сведчыць у штодзённым жыцці і распаўсюджваць у сучасным секулярным свеце. Дух Святы дапамае нам чуваць і не станавіцца духоўнымі пенсіянерамі, а быць актыўнымі сведкамі хрысціянства, якія плывуць не па цячэнні маральна сапсаванага свету, але супраць яго. Толькі тады мы будзем здольнымі ўзбагаціць яго духоўнымі каштоўнасцямі.

Неадкладнай праблемай, якая патрабуе як мага хутчэйшага вырашэння, з’яўляецца грунтоўная катэхетычная падрыхтоўка нарачоных перад заключэннем сакрамэнту сужэнства, а таксама іх духоўнай апекі ў першыя гады сямейнага жыцця. Сіноды Біскупаў на тэму сям’і ў 2014 і 2015 гадах паказалі, што вельмі часта маладыя людзі не ўсведамляюць значэння сям’і, як Богам устаноўленага, адзінага і непарушнага саюзу мужчыны і жанчыны з мэтай сумеснага жыцця, узаемнай дапамогі, нараджэння патомства і яго хрысціянскага выхавання.

На жаль, вельмі часта працэс катэхізацыі перад сакрамэнтам сужэнства з’яўляецца толькі фармальным: некалькі заняткаў, у якіх не ўсе нарачоныя бяруць удзел, і на гэтым канец. Так не павінна быць. Мы хочам мець здаровыя і моцныя Богам сем’і, бо сям’я — гэта падмурак грамадства. Як без моцнага фундаменту не можа быць трывалай будоўлі, так і без моцнай сям’і няма сталага, духоўна здаровага грамадства. Таму неабходна кардынальна перагледзець падыход да перадшлюбнай катэхізацыі з выкарыстаннем спецыялістаў у галіне сямейнай кансультацыі.

У Мінска-Маглёўскай архідыяцэзіі ўжо некалькі гадоў паспяхова дзейнічае «Школа сямейнага жыцця». Падрыхтаваных у ёй спецыялістаў неабходна больш актыўна выкарыстоўваць як у пастырстве сем’яў, так і ў працэсе перадшлюбнай катэхізацыі.

У арганізацыі працэсу катэхізацыі неабходна памятаць і аб тым, што самі катэхеты павінны пастаянна ўдасканальвацца, дарастаць да спадзяванняў моладзі і шукаць новых формаў катэхізацыі і кантакту з вучнямі. Перадусім катэхет павінен любіць дзяцей. Даследчыкі кажуць, што менталітэт моладзі змяняецца кожныя пяць гадоў. Таму, калі катэхеты не будуць паспяваць за гэтымі зменамі, то іх высілкі не прынясуць жаданага выніку.

Праблема ў тым, ці адчувае катэхет патрэбу ўдасканальвацца. Заўсёды актуальнай застанецца лацінская прыказка: «Qui non progredit, regredit» — «Хто не ўдасканальваецца, той дэградуе». Усе мы добра ведаем, што стаячая вада загнівае. Каб вада заставалася чыстай і свежай, яна павінна цячы. Таксама і катэхет не можа задавальняцца атрыманымі калісьці ведамі і наяўнасцю дыплома. Катэхет не можа карміць сваіх вучняў разагрэтым учора абедам, калі так можна выказацца.

Вядома, што ўсім нам, асабліва дзецям і моладзі, патрэбна свежая здаровая ежа. Такой духоўнай ежай павінна быць адпаведная выклікам часу катэхізацыя. Таму абавязкам катэхетаў з’яўляецца пастаяннае ўдасканальванне. Тут не можа быць ніякіх выключэнняў. Катэхеты павінны памятаць аб тым, што яны дзейнічаюць не ад свайго імя, але ад імя Касцёла з мэтай працягнуць настаўніцкую місію самога Хрыста. Таму сутнасцю падрыхтоўкі катэхетаў, базавай і пастаяннай, з’яўляецца будаванне асабістай цеснай сувязі з Хрыстом, а таксама сістэматычны ўдзел у арганізаваных Катэхетычным адзелам Мітрапалітальнай курыі фармацыйных сустрэчах.

3. Трэба памятаць і аб тым, што справа катэхізацыі дзяцей і моладзі — гэта не толькі справа адказных за яе ад імя Касцёла, але гэта адзін з галоўных абавязкаў бацькоў.

Найперш трэба заўважыць, што яны не заўсёды клапоцяцца аб рэлігійным выхаванні свайго патомства. Хачу нагадаць усім бацькам, што падчас сакрамэнту хросту сваіх дзяцей яны ўрачыста абяцалі, што будуць рэлігійна выхоўваць іх. Тут не можа быць ніякай дыскусіі, бо сам факт хросту і пасведчанне аб ім з’яўляюцца найбольш красамоўным аргументам неабходнасці катэхізацыі. Кожны ахрышчаны мае абавязак і права паглыблення сваёй веры, а адна з магчымасцяў гэта ўчыніць — катэхізацыя.

Бацькі, якія скіроўваюць сваіх дзяцей на катэхезу, радуюцца, што Касцёл катэхізуе і рыхтуе іх да першай споведзі і святой Камуніі і робіць гэта на рэгулярнай аснове і паводле праграмы, зацверджанай Канферэнцыяй Біскупаў, што гарантуе высокую якасць падрыхтоўкі. Лацінская прыказка кажа: «Verba movunt, sed exempla trahunt» — «Словы штурхаюць, але прыклады цягнуць». Таму патрэбны прыклад старэйшых, і ў першую чаргу бацькоў, якія маюць найбольшы аўтарытэт у сваіх дзяцей.

Калі бацькі самі жывуць верай, штодзённа моляцца, кожную нядзелю і свята прымаюць удзел у святой Імшы, часта прыступаюць да споведзі і святой Камуніі, то рэлігійнае жыццё перадаецца дзецям. Калі ж самі з’яўляюцца непрактыкуючымі хрысціянамі, то такімі будуць іх дзеці. Прыказка кажа, што яблык не падае далёка ад дрэва. Таксама і дзеці растуць падобнымі да сваіх бацькоў.

Таму, будучы ўдзячнымі за магчымасць катэхізацыі ў нядзельных школах, неабходна памятаць аб фундаментальным значэнні сям’і ў гэтым працэсе. Сям’я не можа такіх важных абавязкаў у гэтай галіне перадаць толькі Касцёлу або камусьці іншаму. Таму заўсёды важнай застаецца сямейная катэхізацыя, найперш праз прыклад сумленнага выканання сваіх хрысціянскіх абавязкаў бацькамі, штодзённую малітву, супольнае перажыванне святаў, прыклад жыцця.

Усё гэта патрабуе трывалай рэлігійнай фармацыі бацькоў і апекуноў дзяцей. Без гэтага немагчыма казаць аб добрай катэхізацыі дзяцей і моладзі. Бацькі і апекуны дзяцей, якія не могуць адчуваць сябе выключанымі з абавязку рэлігійнага выхавання дзяцей і моладзі, самі павінны мець адпаведнае інтэлектуальнае і маральнае выхаванне.

4. На пачатку новага катэхетычнага года звяртаюся да ўсіх адказных за рэлігійнае выхаванне дзяцей і моладзі, найперш пробашчаў, вікарыяў і катэхетаў, у тым ліку кансэкраваных асобаў і свецкіх людзей, бацькоў і апекуноў, заклікаючы памятаць, што новыя магчымасці катэхізацыі, якія дае нам Божы Провід, — гэта вяртанне да адабранай атэістычнымі ўладамі магчымасці рэлігійнай адукацыі і выхавання дзяцей і моладзі, і гэта дар, якім трэба ўмела карыстацца, і адначасова заданне, якое неабходна выканаць. Ад гэтага будзе залежаць духоўны стан нашай краіны, бо дзеці і моладзь — гэта наша будучыня.

Святы Ян Павел II кажа, што ў свеце прагрэсу і адначасова свеце матэрыялізму малады чалавек шукае падтрымкі ў Касцёле, які фармуе веру і гарызонты хрысціянскага гуманізму. Фундаментальным праяўленнем клопату Касцёла аб моладзі з’яўляецца катэхізацыя, гэта азначае перадача веры і фармацыя вынікаючага з яе стаўлення чалавека да жыцця. Таму самае вялікае багацце, якое можам даць маладому пакаленню, — гэта вера, і благаслаўлёны той народ, які жыве ў святле Евангелля (пар. http://www.katecheza.episkopat.pl/index.php/menu/dokumenty-na-temat-wychowania-i-katechezy/69-z-nauczania-jana-pawla-ii-na-temat-katechizacji-w-polskiej-szkole).

Паводле слоў Папы Францішка з Апостальскай адгартацыі «Evangelii guadium» («Радасць Евангелля»), катэхеза вучыць таму, што вера ў Хрыста з’яўляецца не толькі праўдзівай і справядлівай справай, але таксама і прыгожай, здольнай напоўніць жыццё новым бляскам і глыбокай радасцю, нават сярод цяжкіх выпрабаванняў (пар. EG 167).

Давяраючы ўсіх вас апецы Божай Маці, зоркі новай евангелізацыі і катэхізацыі, жадаю поспехаў у гэтай такой важнай і актуальнай для Касцёла ў Беларусі справе і ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца, + і Сына, і Духа Святога. Амэн.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Мінск, 8 верасня 2016 г.
Свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі


Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні:

1. http://www.katecheza.episkopat.pl/index.php/menu/dokumenty-na-temat-wychowania-i-katechezy/69-z-nauczania-jana-pawla-ii-na-temat-katechizacji-w-polskiej-szkole.
2. Францішак. Апостальская адгартацыя «Еvangelii gaudium» (EG).

P.S. Глыбокапаважаныя святары няхай прачытаюць гэтае пасланне вернікам 11 верасня 2016 г., у XXIV Звычайную нядзелю.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Іерархі

01.07 10:47Біскуп Антоні Дзям’янка ў Будславе: «Не варта рабіць з Марыі “краму” для спаўнення жаданняў»
28.06 12:22Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды благаслаўлення вуглавога каменя пад новы касцёл Насвяцейшага Сэрца Езуса ў Брэсце
24.06 20:47Беларуская дэлегацыя прыняла ўдзел у біскупскім пасвячэнні кс. Віталія Крывіцкага SDB
19.06 09:58Фотафакт. Апостальскі Нунцый Габар Пінтэр наведаў парафію ў Асіповічах
16.06 11:43Мітрапаліт Кандрусевіч прыняў удзел у міжнародным форуме на тэму барацьбы з карупцыяй
12.06 12:30Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды святкавання 400-годдзя асвячэння касцёла ў Ружанах
12.06 08:55Заклік біскупа Аляксандра Яшэўскага да вернікаў Магілёўскага рэгіёна да ўдзелу ў працэсіі Божага Цела
10.06 00:04Адкрыты ліст Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча лаўрэату Нобелеўскай прэміі спадарыні Святлане Алексіевіч
24.05 12:27Мітрапаліт Кандрусевіч прымае ўдзел у пасяджэнні італьянскага епіскапату
16.05 13:52«Уражвае дабрыня мясцовых вернікаў»: Апостальскі Нунцый падсумаваў візіт у Віцебскую дыяцэзію