Прадстаўнікі Касцёла ў Беларусі прынялі ўдзел у пахаванні арцыбіскупа Дамініка Грушоўскага | Друк |
Іерархі
02.08.2016 12:01

1 жніўня адбылося пахаванне арцыбіскупа Дамініка Грушоўскага, які быў Апостальскім Нунцыем у Беларусі ў 1996-2001 гг. Пахаванне прайшло ў в. Велька Мання ў Славакіі — роднай мясцовасці спачылага. Іерарх адышоў у вечнасць 27 ліпеня ў Нітры (Славакія) ва ўзросце 90 гадоў.

Пахавальную цырымонію з удзелам многіх біскупаў, вялікай колькасці святароў і вернікаў узначаліў кардынал Юзаф Томко. Як прадстаўнік беларускага епіскапату ў ёй прыняў удзел біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, а таксама два святары з Беларусі.

Біскуп Антоні Дзям’янка выступіў са словам удзячнасці і памяці аб спачылым іерарху. Пінскі ардынарый узгадаў пра дабрыню, цярплівасць і супакой, якія ўносіў арцыбіскуп Дамінік Грушоўскі. Біскуп прыгадаў некаторыя заслугі спачылага для Касцёла ў Беларусі: падчас яго служэння ў нашай краіне беларускі епіскапат павялічыўся ў тры разы, узнікла новая дыяцэзія, былі абвешчаны 16 новых благаслаўлёных.

За ўсё гэта пінскі ардынарый падзякаваў ад імя беларускага епіскапату і ўсіх вернікаў нашай краіны, а таксама адзначыў яшчэ іншыя заслугі арцыбіскупа Грушоўскага.

(AG)


 
© 2003-2024 Catholic.by