Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч прыняў удзел у святкаванні 25-годдзя біскупскага пасвячэння ардынарыя дыяцэзіі ў Навасібірску біскупа Юзафа Верта | Друк |
Іерархі
19.06.2016 19:36

19 чэрвеня ў навасібірскім катэдральным касцёле адбылося святкаванне 25-годдзя біскупскага пасвячэння ардынарыя дыяцэзіі Перамянення Пана ў Навасібірску біскупа Юзафа Верта. Гамілію падчас Імшы прамовіў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Ва ўрачыстай Імшы прынялі ўдзел усе расійскія біскупы.

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч нагадаў у гаміліі, што пасвячэнне сённяшняга ардынарыя дыяцэзіі ў Навасібірску адбылося 16 чэрвеня 1991 г. у адзіным на тыя часы маскоўскім каталіцкім храме св. Людовіка, які «быў сімвалам Каталіцкага Касцёла ў Расіі ў часы ганенняў». Пасвячэння ўдзяліў прадстаўнік Святога Пасаду ў былым Савецкім Саюзе арцыбіскуп Франчэско Каласуона, асістуючымі біскупамі былі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і дапаможны біскуп Вільнюскай архідыяцэзіі Юозас Тунайціс, сёння ўжо спачылы.

Мітрапаліт дадаў, што разам з біскупам Юзафам Вертам праходзіў фармацыю да святарства ў Міждыяцэзіяльянай духоўнай семінарыі ў Каўнасе, разам з ім пачынаў біскупскае служэнне ў Расіі.

«У новых сацыяльна-палітычных умовах пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя Бог знайшоў цябе на берагах шырокай і паўнаводнай Волгі і паслаў на бяскрайнія прасторы Сібіры служыць людзям гэтай зямлі мучанікаў і вызнаўцаў веры», — сказаў беларускі іерарх, звяртаючыся да юбіляра.

«Дзякуючы тваім, разам са святарамі, кансэкраванымі асобамі і вернікамі, намаганням, Сібір – месца ссылак, канцэнтрацыйных і працоўных лагераў, ператвораная атэістычным рэжымам у духоўную пустыню, – адраджаецца да новага духоўнага жыцця, — дадаў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. — Тут ствараецца новы духоўны Навасібірск, у якім Каталіцкі Касцёл займае адпаведнае яму месца».

«Як езуіт выконваючы сваё біскупскае служэнне ў адпаведнасці з максімай св. Ігнацыя Лаёлы “Omnia ad maiorem Dei gloriam” – “Усё для большай хвалы Бога”, – ты стаў слугой Евангелля для праслаўлення Бога, у якім наша надзея», — адзначыў іерарх.

Арцыбіскуп падкрэсліў, што сёння, дзякуючы служэнню яе ардынарыя, дыяцэзія Перамянення Пана ў Навасібірску — «ужо сталы лакальны Касцёл, здольны вырашаць пастаўленыя перад ім задачы», адна з якіх — «унесці евангельскую свежасць у свет, які старэе духоўна, як вучыць Папа Францішак».

Мітрапаліт пажадаў біскупу Юзафу Верту «моцна трымаць у руках штурвал карабля Касцёла ў Навасібірску і ўказваць людзям сапраўднага капітана, якім ёсць Езус Хрыстус». «Няхай дзякуючы твайму служэнню святло Евангелля дасягне кожнага чалавека, каб Касцёл у Заходняй Сібіры і далей упэўнена вёў людзей да духоўнага перамянення», — дадаў беларускі іерарх. 

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by