Біскуп Аляксандр Кашкевіч атрымаў званне ганаровага жыхара Салечніцкага раёна Літвы | Друк |
Іерархі
06.06.2016 10:48

5 чэрвеня ў Палацы Баліньскіх у Янушах (Літва) біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч атрымаў званне ганаровага жыхара Салечніцкага раёна.

«Радуюся такому прызнанню. Мне вельмі прыемна, тым больш, што я нарадзіўся ў гэтым раёне. Паходжу з парафіі ў Эйшышках. Гэта мая родная зямля. Так сталася, што з 13 мая 1991 года рашэннем Святога Айца Яна Паўла ІІ была створана новая дыяцэзія ў Беларусі і мяне прызначылі біскупам Гродзенскай дыяцэзіі. Таму мне вельмі прыемна вярнуцца ў свой родны кут», — распавёў гродзенскі ардынарый.



Цырымонія надання тытула іерарху прайшла 5 чэрвеня падчас візіту біскупа Кашкевіча ў Літву.

«Акрамя таго, што з’яўляюся біскупам у Гродне, я штодзённа яднаюся з вамі ў малітве. Мяжа нас не дзеліць. Напэўна, злучае нас вера і гэта зямля, з якой паходзім, традыцыя, звычаі, хрост», — сказаў біскуп, атрымліваючы званне ганаровага жыхара Салечніцкага раёна.



Мэр раёна Здзіслаў Палевіч адзначыў: «Мы з’яўляемся сведкамі радаснага свята, якое напэўна ўвойдзе ў гісторыю нашай супольнасці і гісторыі Віленшчыны. Кожны жыхар Віленшчыны – і не толькі – можа сказаць, што біскуп Аляксандр Кашкевіч з’яўляецца маральным аўтарытэтам, верным сынам Касцёла, віленскай зямлі і нашай бацькаўшчыны, якая называецца Салечніцкім раёнам».

«Гэта святар, які жыў і жыве верай, які гэтай верай дзеліцца і, што вельмі важна, гэту веру бароніць. Мэта, якую ставіць перад сабой біскуп, выражаецца ў словах "Vivere Bonum Faciendo”, што азначае “Жыць, каб чыніць дабро, давяраючы перад усім Езусу”», — падкрэсліў Здзіслаў Палевіч.

Паводле zw.lt, (IL)

 
© 2003-2024 Catholic.by