Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў у Санкт-Пецярбургу ўрачыстасці 25-годдзя святарства кс. Стэфана Кацінэля | Друк |
Іерархі
22.05.2016 22:00

22 мая, ва ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў у пракатэдральнай базыліцы Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Санкт-Пецярбургу святую Імшу з нагоды 25-гадовага юбілею святарскага служэння яе пробашча кс. Стэфана Кацінэля.

У гаміліі падчас Імшы, кажучы пра ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы, Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч заўважыў, што «матэматычна адзінства Бога ў Трох Асобах немагчыма вытлумачць», «ідэя Найсвяцейшай Тройцы магла б выклікаць непаразуменне», і «толькі Езус аб’явіў нам гэтую праўду». «Праўду аб Найсвяцейшай Тройцы проста неабходна прыняць, як аб’яўленую Богам», — дадаў беларускі іерарх.


З нагоды сярэбранага юбілею святарства а. Стэфана Кацінэля Мітрапаліт сказаў: «Святы Ян Павел ІІ гаворыць, што святарства — гэта дар і таямніца». «Чаму Бог абірае простага і слабога чалавека, каб быў інструментам збаўлення людзей у Яго руках? Чаму простых галілейскіх рыбакоў Хрыстус абраў быць Яго апосталамі? Чаму абраў мяне ці якогасьці іншага святара? І, нарэшце, чаму абраў Стэфана? Адказу на гэтае пытанне мы не знойдзем, гэтак жа як і святы Аўгустын не змог знайсці адказу на таямніцу Найсвяцейшай Тройцы», — адзначыў арцыпастыр.

Звяртаючыся да юбіляра, іерарх сказаў: «Ксёндз Стэфан, сёння ты дзякуеш Богу за 25 гадоў святарскага служэння, якое прайшло ў горадзе св. Пятра. Гэтыя гады ты вучыў людзей сваім жыццём паўтараць словы князя апосталаў: “Пане, да каго мы пойдзем? Ты маеш словы жыцця вечнага”».

Мітрапаліт падкрэсліў, што гісторыя адраджэння Каталіцкага Касцёла ў Санкт-Пецярбургу звязана з імем і служэннем кс. Стэфана Кацінэля. «Сёння ты пачынаеш пісаць новую старонку свайго святарскага жыцця. Пачынаеш пісаць яе ля алтара, на якім здзяйсняеш Эўхарыстыю, у якой Езус прыходзіць да нас», — дадаў арцыбіскуп.

«Ён збірае нас каля свайго алтара; сваім словам разагравае нашы сэрцы; у Эўхарыстыі адорвае новым жыццём; адраджае Касцёл і рассейвае хмары выклікаў часу; дапамагае бачыць справы Святога Духа; ажыўляе душу, заклікае да місіі і пастырскай любові і пастаянна паўтарае: “Не бойцеся, Я з вамі да сканчэння веку”, — нагадаў Мітрапаліт. — Адносіны з Ім нас захоўваюць і дапамагаюць ахапіць паўсядзённую рэальнасць з верай, так, што немагчымае для чалавека становіцца магчымы для Бога».

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч пажадаў кс. Стэфану Кацінэлю, каб Хрыстус, які паклікаў яго да святарства і ўжо 25 гадоў яго падтрымлівае, і далей быў крыніцай яго «паспяховага святарскага служэння на хвалу Бога і дзеля збаўлення людзей».

(AG)
Фота Аляксандры Явід

 
© 2003-2024 Catholic.by