Пажаданні біскупа Аляксандра Кашкевіч з нагоды ўрачыстасці Уваскрасення Пана 2015 г. | Друк |
Іерархі
01.04.2015 11:35

Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры!

Як кожны год, у велікодныя святы мы разам з жанчынамі з Евангелля скіроўваемся ў духу да гроба Хрыста. Поўныя ашаламлення, бачым камень, адсунуты ад уваходу, і разумеем, што ў гробе няма цела Езуса. Мы чуем словы анёла, якія напаўняюць нашы сумныя, устрывожаныя сэрцы радасцю і супакоем: “Чаму вы шукаеце жывога сярод памерлых? Яго тут няма; Ён уваскрос” (Лк 24, 5-6).

Хрыстус уваскрос, Хрыстус жыве і будзе жыць заўсёды. Гэтая найважнейшая праўда хрысціянскай веры дазваляе нам іншымі вачыма паглядзець на свет, на гісторыю чалавецтва і на рэчаіснасць нашага жыцця. У Пасхальнай таямніцы мы пазнаём Хрыста, як Пераможцу над сіламі зла, цемры і граху. Яго мукі і смерць з’яўляюцца задаткам нашага збаўлення, а крыж становіцца знакам Божай любові і прабачэння, брамай, якая вядзе да вечнага шчасця.

І хоць тут, на зямлі, жыццё чалавека не вызвалена ад смутку, цяжкасцяў, цярпення і болю, нашыя сэрцы напоўненыя цвёрдай надзеяй, бо мы верым, што, ідучы за Хрыстом па дарозе веры, мы накіроўваемся не да смерці, а да паўнаты жыцця, якое не мае канца.

Вызнаючы веру ва ўваскрослага Хрыста, мы паўтараем за святым Паўлам: “Cмерць, дзе твая перамога? Смерць, дзе тваё джала? [...] Богу ж падзяка, бо Ён даў нам перамогу праз нашага Пана Езуса Хрыста” (1 Кар 15, 55.57).

Дарагія браты і сёстры!

У святы Уваскрасення Пана жадаю вам, каб вера ў Хрыста, які ёсць з намі і жыве ў нас, стала крыніцай глыбокай унутранай радасці, моцы духа, мужнасці і стойкасці ў добрым. Нам нельга стамляцца сведчыць аб надзеі, якая ёсць у нас. Няхай Божая любоў, аб’яўленая ў таямніцы Мукі, Смерці і Уваскрасення Хрыста, асвячае нас кожны дзень і робіць здольнымі праслаўляць Бога кожным добрым учынкам.

Перажываючы разам з вамі радасць Велікодных святаў, я ахінаю вас сваёй малітвай і з усяго сэрца б л а г а с л а ў л я ю

Аляксандр Кашкевіч
Біскуп Гродзенскі

Гродна, 31 сакавіка 2015 г.                                       

Прашу паважаных святароў прачытаць велікодныя пажаданні падчас святой Імшы ва ўрачыстасць Уваскрасення, а таксама ў велікодны панядзелак (5-6.04.2015).

 
© 2003-2024 Catholic.by