Біскуп Антоні Дзям’янка прыняў удзел у сустрэчы групы дарадчыкаў сямейнага жыцця ў крызіснай сітуацыі і Рады па справах сям’і пры ККББ | Друк |
Іерархі
24.02.2015 15:03

24 лютага біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка прыняў удзел у сустрэчы групы дарадчыкаў сямейнага жыцця ў крызіснай сітуацыі і Рады па справах сям’і пры ККББ. Сустрэча прайшла ў Ляскоўцы.

У межах сустрэчы іерарх узначаліў святую Імшу.

«Дарагія дарадчыкі сямейнага жыцця, дарагія члены Рады па справах сям’і, Бог кожнаму дае адмысловае заданне ў жыцці, — адзначыў у гаміліі пінскі ардынарый. — Таксама і да сямейнага жыцця Бог рыхтуе выбраных асобаў з маленства. Прыклад і ўзор бацькоў, іх паводзіны ў розных сітуацыях застаюцца ў памяці дзяцей, якія, дасягнуўшы сталага ўзросту, засноўваюць сем’і і, маючы ўзор бацькоў, перадаюць атрыманую спадчыну наступнаму пакаленню».

«Дзякуем Богу, што мы жывём у тым рэгіёне свету, дзе дамінуе хрысціянская культура, а бачанне сужэнства, сям’і, адносін мужчыны і жанчыны мае глыбока хрысціянскую пячатку, — дадаў іерарх. — Гэта можам аднесці і да выхавання дзяцей, адносін да састарэлых бацькоў, да члена сям’і ў крызіснай сітуацыі і ўвогуле да кожнага жыцця – ад зачацця да натуральнай смерці. Нават планавая атэізацыя ў недалёкім мінулым не змяніла ў многім хрысціянскіх адносін у гэтых сітуацыях».

Аднак, як заўважыў біскуп, «тэхнічны прагрэс, хуткасць і шматбаковасць інфармацыі, магчымасць знаёмства з іншымі культурамі, асабліва ў апошнія часы, з аднаго боку і няздольнасць, непадрыхтаванасць да глыбокага аналізу з другога боку вельмі ўплывае і на стан сям’і, сужэнства».

Па словах біскупа, «міграцыя маладых не дае шансаў на адпаведную перадачу сямейных каштоўнасцяў наступным пакаленням, як гэта было ў мінулым, калі родныя і блізкія сяліліся побач», у сувязі з чым «паўстае вялікая патрэба дапамагчы ў крызіснай сітуацыі сям’і, калі па розных прычынах бацькі і дзеці жывуць далёка адзін ад аднаго». «У такія моманты падтрымка і парада добра падрыхтаванага сямейнага дарыдчыка можа выратаваць сям’ю ад многіх праблем, — падкрэсліў іерарх, звяртаючыся да ўдзельнікаў сустрэчы. — Таму Бог выбірае вас, каб, пазнаўшы глыбей навучанне Касцёла ў галіне хрысціянскіх адносін у сем’ях, вы прыходзілі з дапамогай людзям у самых розных акалічнасцях жыцця».

Біскуп выказаў сабраным удзячнасць за тое служэнне, якое яны выконваюць у адносінах да сужэнстваў і сем’яў.

«Вялікі пост — час, калі мы асабліва адчуваем Божую міласэрнасць, якая даруе правіны чалавеку, — дадаў пінскі ардынарый. — Вы неаднойчы будзеце тым начыннем у Божых руках, каб прадставіць іншым і навучыць велічы міласэрнасці ў жыцці чалавека». Таксама іерарх нагадаў, што малітва «Ойча наш», «у якой адчуваем братэрства паміж людзьмі, здольная нейтралізаваць назбіраныя ў сэрцы пачуцці непрыязні, з якіх хрысціянін павінен вызваляцца», і «дапамагае хрысціяніну зрабіць яго жыццё і служэнне больш дзейсным, каб яно мела яшчэ глыбейшы сэнс».

«Бо, каб вырашыць большасць сямейных трагедый, не дастаткова толькі прабачыць іншаму, але трэба ісці далей – дапамагчы ім узрастаць у любові, якая была зраненая, — заўважыў біскуп. — Вы выбраныя Богам да ўзнёслай місіі — несці еднасць і супакой у кожную сям’ю».

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by