Перад Божым Нараджэннем Апостальскі Нунцый сустрэўся з моладдзю (дададзена фота) | Друк |
Іерархі
21.12.2014 16:08

20 снежня прайшла аплатковая сустрэча Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці з моладдзю перад святамі Божага Нараджэння. Сустрэча адбылася ў мінскім касцёле св. Сымона і св. Алены.

Прадстаўнік Святога Айца звярнуўся да маладых людзей са словам. «Сёння мы сустракаемся, каб скласці адзін аднаму пажаданні на Божае Нараджэнне, — сказаў іерарх. — Я жадаю вам бачыць і адчуваць, што Хрыстус нараджаецца».

Па словах арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці, сцэна нараджэння Хрыста вельмі падобная да сённяшняй сітуацыі: «горад заняты сваімі штодзённымі праблемамі», «усе спяшаюцца», і Хрыстус «нараджаецца здалёк ад гэтага шуму». Мясцовыя жыхары, як дадаў іерарх, не ўсведамляюць і не заўважаюць у той час таго, што адбываецца.

Апостальскі Нунцый пажадаў моладзі звярнуць увагу на гэтае прыйсце ў свет Божага Сына. «Бо гэта – тое, што змяняе наша жыццё, паказвае Божую любоў», — адзначыў арцыбіскуп.

Прадстаўнік Папы заахвоціў маладых вернікаў, віншуючы адзін аднаго з Божым Нараджэннем, жадаць вечнага жыцця, святасці, міру. «Таму што Езус — паміж намі, Ён хоча сустракацца з намі», — сказаў арцыбіскуп, дадаўшы, што людзі на гэта адказваюць Езусу: «Прабач, я заняты…»

Апостальскі Нунцый падкрэсліў, што для таго, каб сустрэцца з Езусам, не трэба нейкай асаблівай, спецыяльнай падрыхтоўкі: трэба «проста адкрыць сэрца». «Мы так часта баімся адкрыць, паказаць сваё сэрца, — але Бог нам аддае сваё сэрца», — заўважыў іерарх.

Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці нагадаў моладзі: «Езус — з намі, гэта значыць з кожным з нас».

Затым арцыбіскуп і ўдзельнікі сустрэчы падзяліліся аплаткай з нагоды набліжэння святаў Нараджэння Пана.

 

Анастасія Грышан
Фота А. Шчыглінскай 
 
© 2003-2024 Catholic.by