Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч падчас футбольнага чэмпіянату сярод святароў: «Спорт здольны кансалідаваць» | Друк |
Іерархі
25.11.2014 14:27

Спорт здольны кансалідаваць і прабачаць, калі нясе ў сабе хрысціянскія каштоўнасці. Такую думку выказаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч падчас ІІІ Чэмпіянату па міні-футболе сярод святароў, які 24 лістапада прайшоў у Маладзечне.

Іерарх узначаліў урачыстую святую Імшу на пачатак чэмпіянату, а таксама прыняў удзел у гульнях у складзе Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

У гаміліі падчас святой Імшы, параўноўваючы спорт з Касцёлам, арцыпастыр падкрэсліў, што, як і ў спорце, у Касцёле таксама ёсць свае правілы, свая ўніформа і свая стратэгія.


«Кожная футбольная каманда мае свайго гаспадара, які ёй апякуецца, — адзначыў Мітрапаліт. — Ён устанаўлівае правілы яе існавання і дзеяння, выбірае трэнера, дае інструкцыі, ставіць заданне і спадзяецца, што яно будзе выканана, бо хоча мець каманду-пераможца.

Таксама і Касцёл мае свайго гаспадара, якім ёсць Хрыстус і які сказаў апосталу Пятру: «Ты скала, і на ёй Я збудую Мой Касцёл». Езус не сказаў, што гэта чыйсьці Касцёл, але Яго. Гэта азначае, што Касцёл належыць Езусу Хрысту і ў ім мы становімся святынямі Духа Святога».



Поўны тэкст гаміліі тут

Паводле слоў арцыбіскупа, «правілы гульні» дае вернікам Хрыстус, а духоўнымі трэнерамі становяцца пастыры.

«Хрыстус жадае, каб Касцёл выйграў. Калі Езус перамог злога духа, дык чаму ж мы дазваляем яму выйграць так шмат баталій супраць нас? Мы павінны памятаць аб тым, што Хрыстус у Касцёле нам дапамагае і мы не маем права прайграць».

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч падчас спаборніцтваў у Маладзечне

Напрыканцы іерарх звярнуў увагу на тое, што нават добры футбаліст не можа гуляць у адзіночку. «Мы ў Касцёле гуляем у адной камандзе. І ўсе разам мы павінны супрацьстаяць злу», — дадаў Мітрапаліт.

Як адзначыў арцыпастыр, футбольныя чэмпіянаты свету паказваюць, што маладыя каманды здольныя заваяваць лепшыя месцы, бо «маюць добрага гаспадара, трэнера і зыграных гульцоў, якія ўтвараюць адну каманду».

«Касцёльны футбол у Беларусі толькі распачынае сваю гісторыю і перад ім вялікі шлях да ўдасканалення. Але я спадзяюся, спаборніцтвы і іх евангелізацыйная роля ўнясуць свой уклад у развіццё футболу і Касцёла», — сказаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандусевіч.

Ілья Лапато
Фота Віталія Палінеўскага

 
© 2003-2024 Catholic.by