Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч сустрэўся з Папам у другі дзень пасяджэння Папскай рады «Iustitia et pax» (абноўлена) | Друк |
Іерархі
02.10.2014 15:44

2 кастрычніка Папа Францішак прыняў на аўдыенцыі ўдзельнікаў пленарнага пасяджэння Папскай рады «Iustitia et pax», якое праходзіць у Рыме з 1 па 3 кастрычніка.

Пасяджэнне прысвечана пятай гадавіне выдання энцыклікі Бэнэдыкта XVI «Caritas in veritate». Пантыфік нагадаў пра актуальнасць гэтага «фундаментальнага для евангелізацыі сацыяльнай сферы» дакумента, які дае каштоўныя ўказанні для прысутнасці католікаў у грамадстве, эканоміцы і палітыцы.

Як паведамляе Ватыканскае радыё, прынцып любові ў праўдзе, па словах Папы, мае «крайнюю актуальнасць» у нашы дні.

«Любоў, напоўненая праўдай, дапамагае перамагчы небяспечны фанатызм, барацьбу за валоданне рэсурсамі, вымушаную міграцыю, голад і беднасць, гандаль людзьмі, несправядлівасць, сацыяльную і эканамічную няроўнасці, дысбаланс у доступе да калектыўных дабротаў», — сказаў Папа Францішак.

Пантыфік нагадаў удзельнікам пленарнага пасяджэння аб тым, што Апостальская адгартацыя «Evangelii gaudium» прадстаўляе канкрэтныя прапановы па вырашэнні праблем беднасці — пашырэнне адукацыі, забеспячэнне працай і санітарнай дапамогай. Сваё выступленне Святы Айцец завяршыў думкай, што Касцёл, які пілігрымуе, заўсёды шукае новыя шляхі для абвяшчэння Евангелля, адным з якіх з'яўляецца сацыяльнае вучэнне.   

 

У сустрэчы з Пантыфікам прыняў удзел і Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Падчас асабістай сустрэчы іерарх падзякаваў Святому Айцу за яго навучанне і клопат аб Касцёле ў Беларусі.

«Я падышоў да Папы і падзякаваў за яго словы, за тое, што сваім навучаннем ён дае надзею сучаснаму свету, асабліва тым, хто знаходзіцца ў бядзе, а таксама за яго клопат аб Касцёле ў Беларусі. Папа сказаў, што ў сваіх думках ён заўсёды памятае аб Беларусі і моліцца за яе», — распавёў арцыбіскуп Кандрусевіч.

Пленарнае пасяджэнне Папскай рады «Iustitia et pax» завершыцца 3 кастрычніка.

(JLS)

 
© 2003-2024 Catholic.by