Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Зварот біскупа Антонія Дзям’янкі на пачатак новага катэхетычнага года
Іерархі
30.08.2014 13:44

“Вучыце іх захоўваць усё, што Я загадаў вам”
(Мц 28, 19)


Дарагія дыяцэзіяне! Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры!

На пачатку новага катэхетычнага года звяртаюся да вас з заклікам паклапаціцца аб катэхезе, каб належным чынам арганізаваць вывучэнне праўдаў хрысціянскай веры. Як жа важна, каб асабліва дзеці і моладзь знаходзілі час для пазнавання Пана Бога. Бачым, як у сучасным свеце нараканне на адсутнасць часу ўваходзіць у звычай. А сучасны чалавек пры імклівым развіцці навукі і тэхнікі мае яго ўсё менш і менш. Таксама бачым, як, маючы вялікія магчымасці, сучасны чалавек губляецца, не ведаючы, што выбраць. І, нягледзячы на тое, што ён мае не так шмат часу, часта растрачвае яго на другасныя і зусім не патрэбныя справы.

Адсутнасць часу - сур’ёзная пагроза для рэлігійнага жыцця. Адной з найважнейшых спраў сучаснага чалавека з’яўляецца пошук і выбар часу для Пана Бога. Калі не будзем здольнымі на трывалы клопат аб часе, то нашаму рэлігійнаму жыццю будзе пагражаць сур’ёзная небяспека. Мы ведаем, што на важныя справы неабходна заўсёды знайсці час. У сувязі з гэтым прысвячэнне або адсутнасць часу для Пана становіцца сведчаннем таго, наколькі Бог для нас важны.

Дарагія бацькі, вашыя дзеці маюць мноства заданняў і часамі губляюцца ў іх. Таму часта яны не могуць знайсці час для Пана Бога. Але хачу звярнуць вашую ўвагу на тое, што прысутнасць дзяцей і моладзі на катэхезе - гэта канкрэтны выраз прысвячэння іх часу для Пана. Як жа важна выхоўваць дзяцей і моладзь да таго, каб яны мелі час для Бога. Гэта магчыма, калі мы дапаможам ім пераканацца ў тым, што Пан Бог сапраўды найважнейшы, што Ён можа ўсё і таму для Яго неабходна знайсці час у сваім жыцці.

Узнімаючы пытанне важнасці прысвячэння часу для катэхізацыі, пазнавання Бога, разумеем, што адукацыя дзяцей і моладзі з’яўляецца асаблівым клопатам Касцёла. Абавязак навучання і выхавання чалавека, асабліва дзяцей і моладзі, вынікае з настаўніцкай місіі, даручанай Касцёлу самім Хрыстом, які казаў: “Ідзіце і навучайце ўсе народы, і хрысціце іх … вучыце іх захоўваць усё, што Я загадаў вам” (Мц 28,19).

На працягу стагоддзяў Касцёл, выконваючы наказ самога Хрыста, засноўваў школы рознага тыпу - ад парафіяльных і пачынаючых да ўніверсітэтаў. Касцёл і сёння клапоціцца аб прысутнасці маральных і рэлігійных каштоўнасцяў у сучаснай адукацыі і выхаванні, бо гэта натуральная патрэба чалавечай культуры. Кожны чалавек, нават няверуючы, згодзіцца з тым, што рэлігійная адукацыя, апрача фарміравання светапогляду і маралі, выконвае надзвычай важную інтэлектуальную і культурную функцыю. Калі ўзяць, напрыклад, чалавека, які ў перыяд сталення не пазнаёміўся з хрысціянскай дактрынай і мараллю, ці будзе ён у стане зразумець культуру нашых продкаў? Хутчэй за ўсё, ён не будзе ў стане зразумець ні мастацтва, ні архітэктуры, ні еўрапейскай літаратуры, ні таксама маралі і гістарычных працэсаў на нашым кантыненце. Бо рэлігія адыгрывала і адыгрывае фундаментальную ролю ў кожнай культуры. Сферу культуры можна акрэсліць як эфект свядомых чалавечых дзеянняў. Яна ахоплівае чатыры асноўныя галіны жыцця: навуку, мастацтва, мараль і рэлігію.

У недалёкім мінулым у нашай краіне многія дзесяцігоддзі было забаронена навучаць рэлігіі дзяцей і моладзь. За гэта вернікам, святарам і катэхетам пагражалі розныя пакаранні. Таксама непрыемнасці мелі бацькі і дзеці. Дзякуем Богу за тое, што цяпер ніхто не пераследуе за рэлігійнае навучанне. Таму прашу вас, дарагая моладзь, аб шматлікім і актыўным удзеле ў катэхезах на працягу ўсяго катэхетычнага года навучання, каб адкрываць для сябе свет Божай мудрасці, праўды і любові.

Звяртаюся з асаблівымі словамі падзякі і заахвочвання да катэхетаў – духоўных і свецкіх. Вашае служэнне Касцёлу надзвычай важнае, бо ад яго ў многім залежыць не толькі зямное жыццё, але і цэлая вечнасць тых, каму вы пакліканы абвяшчаць евангельскія праўды. Таму вельмі важна, каб сваім клопатам вы агарнулі кожную асобу, пастараліся не прамінуць ніводнай нагоды для катэхізацыі ці то ў вялікіх групах, ці нават тады, калі трэба праводзіць катэхезы для аднаго-двух дзяцей ці маладых людзей.

Пражыць добра жыццё азначае пражыць яго з Панам Богам. Трэба ўмець знайсці час для Пана Бога. Гэта вялікае заданне для вернікаў на ўсіх узроўнях жыцця. У новым навучальным годзе гэты клопат няхай выразіцца ў належнай арганізацыі катэхетычнага навучання.

Бацькам, выхаваўцам, дзецям і моладзі жадаю, каб Пан Бог быў у вашым жыцці на першым месцы сярод шматлікіх заняткаў і справаў. Жадаю, каб новы катэхетычны год быў для кожнага з вас радасны і плённы.

Аддаю кожнага з вас пад апеку Маці Божай Лагішынскай, Каралевы Палесся, і сардэчна вас благаслаўляю+ у імя Айца і Сына, і Духа Святога.

+ Антоні Дзям’янка
Біскуп Пінскі

Пінск, 29 жніўня 2014 г.


Гэты Зварот паважаныя святары няхай абвесцяць вернікам на кожнай святой Імшы 7 верасня 2014 г., а таксама няхай вывесяць тэкст на прыкасцёльнай дошцы аб’яваў на ўвесь месяц верасень.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Іерархі

01.07 10:47Біскуп Антоні Дзям’янка ў Будславе: «Не варта рабіць з Марыі “краму” для спаўнення жаданняў»
28.06 12:22Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды благаслаўлення вуглавога каменя пад новы касцёл Насвяцейшага Сэрца Езуса ў Брэсце
24.06 20:47Беларуская дэлегацыя прыняла ўдзел у біскупскім пасвячэнні кс. Віталія Крывіцкага SDB
19.06 09:58Фотафакт. Апостальскі Нунцый Габар Пінтэр наведаў парафію ў Асіповічах
16.06 11:43Мітрапаліт Кандрусевіч прыняў удзел у міжнародным форуме на тэму барацьбы з карупцыяй
12.06 12:30Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды святкавання 400-годдзя асвячэння касцёла ў Ружанах
12.06 08:55Заклік біскупа Аляксандра Яшэўскага да вернікаў Магілёўскага рэгіёна да ўдзелу ў працэсіі Божага Цела
10.06 00:04Адкрыты ліст Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча лаўрэату Нобелеўскай прэміі спадарыні Святлане Алексіевіч
24.05 12:27Мітрапаліт Кандрусевіч прымае ўдзел у пасяджэнні італьянскага епіскапату
16.05 13:52«Уражвае дабрыня мясцовых вернікаў»: Апостальскі Нунцый падсумаваў візіт у Віцебскую дыяцэзію