Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч прадставіў у Міністэрстве спорту і турызму ідэю арганізацыі спаборніцтваў для дзяцей і моладзі | Друк |
Іерархі
16.04.2014 14:30

16 красавіка ў Міністэрстве спорту і турызму Рэспублікі Беларусь адбылася сустрэча Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча і настаяцеля салезіянскай рэлігійнай місіі "Таварыства св. Францішка Сальскага" кс. Віктара Гайдукевіча з прадстаўнікамі міністэрства. На сустрэчы Мітрапаліт прадставіў ідэю арганізаваць у 2015 годзе для дзяцей і моладзі 12-гадзінныя спаборніцтвы па футболе, валейболе і яшчэ адным відзе спорту на выбар.

Ідэя арганізацыі такога мерапрыемства пад дэвізам "НЕ спайсам — ТАК спорту" прымеркавана да юбілею 200-годдзя з дня нараджэння св. Яна Боско, заснавальніка салезіянскай сям'і, які будзе святкавацца ў 2015 годзе.

Падчас сустрэчы арцыпастыр адзначыў вельмі добрае і наладжанае супрацоўніцтва ў арганізацыі Чэмпіянату Еўропы па міні-футболе сярод святароў, які прайшоў 24-28 лютага ў Лідзе, і выказаў надзею, што і дадзенае мерапрыемства — спаборніцтвы для дзяцей і моладзі, — якое ў першую чаргу накіравана на іх падтрымку, на барацьбу з наркотыкамі і паказанне лепшай альтэрнатывы для правядзення вольнага часу, стане чарговым супольным праектам для дабра нашай краіны.

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by