Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Духавенства Гродзенскай дыяцэзіі павіншавала біскупа Аляксандра Кашкевіча з днём нябеснага апекуна
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
03.05.2016 12:48

2 мая святары і кансэкраваныя асобы, якія служаць у Гродзенскай дыяцэзіі, выказалі віншаванні біскупу Гродзенскаму Аляксандру Кашкевічу з нагоды яго імянін.

У гэты дзень духавенства і манахіні дыяцэзіі сабраліся на пастырскай сустрэчы, які завяршыўся святой Імшой у катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне.

Урачыстую Імшу ўзначаліў біскуп Аляксандр Кашкевіч. Іерарх адзначыў, што месяц май — асаблівы час, калі Касцёл просіць заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі.

Біскуп дадаў, што сёлетні май выключны для Гродзенскай дыяцэзіі. «У гэтым годзе мы жадаем праспяваць гімн падзякі Пану Богу за 25 гадоў нашага лакальнага Касцёла. Жадаем прасіць Міласэрную Маці, нашу Апякунку, каб Яна і далей вяла наш Касцёл пад сваім чуйным вокам і каб ён мог узрастаць у ласцы Бога», — сказаў іерарх.

Ад імя духавенства дыяцэзіі віншаванні біскупу выказаў кс. Цэзарый Міх, афіцыял біскупскага суду ў Гродне. Святар падзякаваў іерарху за 25 гадоў кіравання дыяцэзіяй і пажадаў шчодрых Божых ласкаў на далейшыя гады.

«Няхай Езус Міласэрны кожны дзень указвае, як весці Касцёл да порту збаўлення», — дадаў кс. Цэзарый Міх.

Біскуп Аляксандр Кашкевіч падзякаваў усім за віншаванні, а найперш за малітву, просячы духавенства, манахінь і ўсіх вернікаў падтрымліваць і далей яго пастырскае служэнне руплівай малітвай.

Кс. Юрый Марціновіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.