Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Сапоцкіне адзначылі парафіяльны Дзень хворых: сапраўднае свята ўсёй парафіі
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
12.02.2016 13:00

11 лютага, калі ў Паўсюдным Касцёле адзначаецца Сусветны дзень хворых, парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Язафата Кунцэвіча ў Сапоцкіне арганізавала для ўсіх людзей пажылога ўзросту, хворых і церпячых парафіяльны Дзень хворых.

Манахіні серафіткі з супольнасці Сясцёр Маці Божай Балеснай і святары, якія працуюць у парафіі, стараюцца выконваць самаранскае служэнне ўвесь год у духу веры, служачы хворым, як самому Хрысту. Яны клапоцяцца не толькі аб здароўі хворых, але і аб збаўленні іх душаў, імкнуцца наблізіць людзей, закранутых хваробай, да Бога, дапамагчы ім адкрыць Яго дабрыню і сапраўдны сэнс чалавечага жыцця і цярпення.

Падрыхтоўка да парафіяльнага Дня хворых працягвалася некалькі месяцаў. Яна ўключала і арганізацыю прыезду ўсіх жадаючых у касцёл на аўтобусах, якія аб’язджалі ўсе вуліцы мястэчка і ўсе вёскі. Знайшлося шмат людзей, якія давезлі хворых у святыню, будучы перакананымі, што, як Хрыстус, пакліканы служыць церпячым, кожны па-свойму.


Перад пачаткам набажэнстваў у парафіяльнай канцылярыі неслі дзяжурства медыкі з бальніцы ў Сапоцкіне, якія давалі кансультацыі і падтрымлівалі хворых парадамі. Стаялі доўгія чэргі да споведзі, бо вернікі хацелі перажыць гэты дзень найлепш, разам з Богам: людзі пажылога ўзросту або ў стане хваробы разумеюць, што цярпенне можа быць шляхам да большай блізкасці з Хрыстом, які ідзе побач з чалавекам.

Гучалі духоўныя песні, у якіх праяўлялася хараство душы чалавека, закранутага цярпеннем, які стараецца любіць Бога і дзякаваць Яму за дабро, якое стала яго ўдзелам.

Святую Імшу ў інтэнцыі ўсіх хворых парафіі ў Сапоцкіне ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, які таксама ўнёс у парафіяльны касцёл рэліквіі св. Фаўстыны Кавальскай.


У гаміліі біскуп патлумачыў, што церпячы чалавек мае патрэбу ў прысутнасці іншага. І хоць часам «нас палохае тое, што не можам дапамагчы патрэбным чынам», але важна само «знаходжанне побач з чалавекам, які церпіць».

Іерарх нагадаў, што «час Вялікага посту з’яўляецца дарам Бога, запрашэннем да супрацоўніцтва з ласкай і часам, каб абвергнуць бессэнсоўнасць жыцця».

На заканчэнне гаміліі біскуп заклікаў усіх пажылых і хворых людзей да поўнага даверу Богу і падзякі за тое, што ад Яго атрымліваюць. «Трэба давяраць Богу на ўзор Марыі і сузіраць міласэрнае аблічча Яе Сына Езуса Хрыста», — сказаў іерарх.

Падчас Эўхарыстыі быў удзелены сакрамэнт намашчэння хворых, у якім Дух Святы нясе глыбокі супакой, згоду з цярпеннем, дапамагае ў хрысціянскай сталасці паглядзець на сітуацыю, прыняць яе і змірыцца з ёю, аддаючы яе міласэрнаму Богу.

Напрыканцы Імшы біскуп Юзаф Станеўскі даверыў хворых і церпячых Панне Марыі, якая стаіць пад крыжам Хрыста, удзяліў благаслаўленне Найсвяцейшым Сакрамэнтам і асвяціў лекі, якія прынеслі вернікі.

На заканчэнне Дня хворых, які стаў сапраўдным святам усёй парафіі, пробашч кс. Антоні Абухоўскі падзякаваў усім, хто ўключыўся ў яго аргаізацыю. Святар выказаў падзяку таксама кансэкраваным асобам, якія служаць у парафіі, штодзень з клопатам праводзячы ў ёй душпастырства хворых, наведваючы іх дамы і мясцовы шпіталь. Святар адзначыў, што хворыя і церпячы сваімі слабасцямі, як схаванымі, так і відавочнымі, вельмі патрэбныя Касцёлу і хочуць яму служыць сваёй малітвай, сведчаннем і прысутнасцю.


Вучні сярэдняй школы ў Сапоцкіне спецыяльна з нагоды Дня хворых падрыхтавалі паштоўкі з падпісанымі на іх словамі падтрымкі хворым людзям. Кожны з удзельнікаў літургіі таксама атрымаў у падарунак шакалад.

Свята дало вернікам магчымасць умацавацца ў Богу, каб вярнуцца ў штодзённасць з удзячнасцю і новымі духоўнымі сіламі.

Кс. Юрый Марціновіч, (AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.