Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Рэліквіі св. Фаўстыны Кавальскай прыбылі ў парафіяльную святыню ў Сапоцкіне
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
12.02.2016 10:55

У Юбілейны Год Божай Міласэрнасці ў парафіяльны касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі i св. Язафата Кунцэвіча ў Сапоцкіне былі ўнесены рэліквіі св. Фаўстыны Кавальскай.

Нагодай да ўнясення рэліквій, якія ў снежні 2015 г. пробашч парафіі кс. Антоні Абухоўскі з групай парафіян асабіста атрымаў у Кракаўскіх Лагеўніках, дзе пахавана апостал Божай міласэрнасці с. Фаўстына, стаў парафіяльны Дзень хворых.

Як адзначыў пробашч, рэліквіі будуць служыць глыбейшаму перажыванню Юбілейнага Года Міласэрнасці. Жаданнем кс. Антонія Абухоўскага з’яўляецца таксама тое, каб штодзённая прысутнасць рэліквій у святыні пабуджала вернікаў да яшчэ большага культу Божай Міласэрнасці і частай малітвы Вяночка да Божай Міласэрнасці.

Вернікі парафіі змогуць праз заступніцтва святой давяраць Богу свае інтэнцыі і справы Касцёла.


Рэліквіі ўнёс у працэсіі ў святыню дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. Іерарх адзначыў, што такім чынам парафіяльная супольнасць выбрала сабе чарговага апекуна і была даверана штодзённай апецы вялікай святой, дзякуючы якой свет пачуў пра Бога, багатага міласэрнасцю.

Біскуп нагадаў вернікам, што Бог жадае ад чалавека адной рэчы: бязмежна давяраць Яму і станавіцца перад Ім без страху, з дзіцячым даверам. «Бог жадае нашай веры ў тое, што Ён нас любіць і не зробіць нам крыўды, што хоча нас пастаянна адорваць», – сказаў іерарх і дадаў, што «давер – гэта тое, што дыяметральна змяняе нашы адносіны з Богам».

Біскуп заахвоціў вернікаў праз заступніцтва гэтай вялікай святой прасіць Божай міласэрнасці найперш для сябе саміх, сваіх блізкіх, парафіяльнай супольнасці і ўсяго свету.


Сястра Марыя Фаўстына Кавальская – манахіня з супольнасці Сясцёр Маці Божай Міласэрнасці, апостал культу Божай Міласэрнасці. Беатыфікавана ў Рыме 18 красавіка 1993 года Святым Айцом Янам Паўлам II, кананізавана 30 красавіка 2000 года. Тады ж было ўстаноўлена літургічнае свята Божай Міласэрнасці.

Кс. Юрый Марціновіч, (AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.