Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Біскуп Юзаф Станеўскі маліўся ў гродзенскім францішканскім касцёле аб ахове стварэння
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
02.09.2015 11:47

1 верасня ў адпаведнасці з воляй Папы Францішка дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі маліўся ў францішканскім касцёле ў Гродне аб ахове стварэння. Святы Айцец Францішак устанавіў гэтую дату Сусветным днём малітвы аб ахове стварэння.

Біскуп абраў францішканскі касцёл для малітвы ў гэты дзень таму, што апекуном экалогіі з’яўляецца святы Францішак Асізскі.

Між іншым іерарх звярнуў увагу прысутных на некаторыя найбольш важныя думкі з энцыклікі Папы Францішка «Laudato sì».

Біскуп адзначыў, што ў энцыкліцы Пантыфік кажа пра паўсюдную сувязь паміж усімі стварэннямі: усе «створаны тым самым Айцом, з’яднаны нябачнымі сувязямі і ўтвараюць своеасаблівую ўніверсальную сям’ю, цудоўную камунію, якая пабуджае да святой, сардэчнай і пакорнай павагі» (пар. Laudato sì, 89).



Таксама, заўважыў біскуп, Папа ўзбагачае каталіцкае сацыяльнае вучэнне, калі кажа аб інтэгральнай экалогіі, якая злучае месца, якое чалавек займае ў гэтым свеце, і яго адносіны з атачаючай яго рэчаіснасцю (пар. Laudato sì, 15).

Іерарх звярнуў увагу, што, як адзначаецца ў энцыкліцы, паколькі Бог даў прыроднае асяроддзе ўсім, усе адказныя за карыстанне гэтым асяроддзем перад будучымі пакаленнямі і ўсім чалавецтвам, гэта значыць існуе патрэба салідарнасці між пакаленнямі.

Спасылаючыся на энцыкліку, біскуп заўважыў, што, каб салідарнасць магла стаць рэальнай, трэба, каб кожны жыў згодна са сваёй верай і не супярэчыў ёй сваімі ўчынкамі, адкрываўся на Божую ласку і глыбей чэрпаў з таго, што ў яго самых глыбокіх перакананнях датычыць любові, справядлівасці і міру (пар. Laudato sì, 200).



На заканчэнне, як адзначыў біскуп Юзаф Станеўскі, Святы Айцец заахвочвае кожнага адважна распачаць справу свайго экалагічнага навяртання, дазваляючы, каб моц і святло атрыманай ласкі ахоплівалі таксама адносіны з іншымі істотамі і навакольным светам, будуючы такім чынам цудоўнае братэрства з усім стварэннем, якое так узнёсла перажываў святы Францішак Асізскі.

(NS), (AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.