Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У 72-ю гадавiну смерці навагрудскіх назарэтанак пiлiгрымы наведалі лес — месца іх гібелі (+фота)
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
01.08.2015 02:47

31 ліпеня лес каля Навагрудка, дзе ў час вайны фашысты расстралялі 11 сясцёр назарэтанак, наведалі шматлікія пілігрымы. Сястра Стэлла і 10 яе сябровак загінулі там ранкам 1 жніўня 1943 г., аддаўшы жыццё за бацькаў сем’яў.

Благаслаўлёныя мучаніцы да канца споўнілі сваё пакліканне і былі вернымі свайму законнаму харызмату. Воляй заснавальніцы іх супольнасці — маці Марыі ад Пана Езуса Добрага Пастыра (Францішкі Сядліскай) — было тое, каб Кангрэгацыя Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта жыла па прыкладзе Найсвяцейшай Сям’і праз малітву, працу і цярпенні, ахвяраваныя за святы Касцёл, Папу і сем’і.

Ахвяра была прынята

Калі ў ліпені 1943 года гестапа арыштавала з намерам расстраляць 120 жыхароў Навагрудка, назарэтанкі на малітве ахвяравалі сваё жыццё Богу, выражаючы гатоўнасць памерці замест бацькаў сем’яў. У другі раз сёстры ахвяравалі сваё жыццё, каб уратаваць ад арышту капелана ксяндза Аляксандра Зянкевіча. Як адзіны святар у ваколіцы, ён быў вельмі патрэбны Касцёлу і людзям — так разважалі сёстры. Гэтая гераічная і велікадушная ахвяра назарэтанак была мілай Богу і была Ім прынята.

Арыштаваныя гестапа мужчыны — бацькі сем’яў з Навагрудка і ваколіц — не загінулі: пакаранне смерцю было заменена для іх на вываз на прымусовыя працы ў Германію. Ксёндз Аляксандр Зянкевіч таксама перажыў вайну.

У 72-ю гадавіну смерці назарэтанак-мучаніц, якіх 1 сакавіка 2000 г. беатыфікаваў Папа Ян Павел ІІ, лес пад Навагрудкам наведалі пілігрымы. Частка з іх прыбыла ў VI пешай пілігрымцы з Гродна. Наведаць месца пакарання прыйшлі таксама вернікі з Новай Мышы (Пінская дыяцэзія), якіх у апошнія хвіліны іх пілігрымавання суправаджаў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.



 

На малітве сабраліся і законніцы Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта, удзячныя сваім папярэдніцам за гераічнае складанне жыцця на алтары ў інтэнцыі сем’яў.

Усе прыбылі са сваімі інтэнцыямі, а таксама каб праз заступніцтва благаслаўлёных сясцёр мучаніц з Навагрудка маліцца за ўсе народы, якія перажываюць вайну; за хрысціян, якіх пераследуюць за веру; за краіны, у якіх адбываюцца ўзброеныя канфлікты, дзе пануюць насілле і смерць. Сабраныя маліліся, каб добры Бог даy людзям ласку навяртання, каб краіны і народы адмовіліся ад вайны і мелі адвагу стаць на шлях паяднання, прабачэння і супакою.

Да супольнасці навагрудскіх назарэтанак належалі: с. Марыя Стэлла (нар. у 1888 г.), с. М. Імельда (нар. у 1892 г.), с. М. Раймунда (нар. у 1892 г.), с. М. Даніэля (нар. у 1895 г.), с. М. Канута (нар. у 1896 г.), с. М. Сергія (нар. у 1900 г.), с. M. Гвідона (нар. у 1900 г.), с. M. Феліцыта (нар. у 1905 г.), с. M. Геліядора (нар. у 1906 г.), с. M. Канізія (нар. у 1903 г) i наймалодшая 27-гадовая с. М. Барамэя (нар. у 1916 г.). У жывых засталася с. M. Малгажата.

Незвычайная смерць

Святую Імшу каля крыжа, які ўсталяваны на магіле адважных законніц і з’яўляецца заахвочваннем для чалавека ХХІ стагоддзя, што варта прысвяціць сваё жыццё Хрысту, узначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Імшу канцэлебравалі біскуп Антоні Дзям’янка і святары.



 

У гаміліі біскуп Аляксандр Кашкевіч назваў лес, які стаў нямым сведкам апошніх хвілін жыцця навагрудскіх мучаніц, месцам “страшным”, а адначасова “святым”. Іерарх адзначыў, што смерць назарэтанак была смерцю незвычайнай. “Сёстры склалі сваё жыццё як свядомую і дабравольную ахвяру, у жэсце гераічнай любові да Бога і бліжняга, — сказаў біскуп. — Таму для нас, якія сёння схіляем галовы перад веліччу іх учынку, гэты лес пад Навагрудкам з’яўляецца перадусім святым месцам — яго асвяціла мучаніцкая кроў, пралітая адважнымі законніцамі”.

Гродзенскі ардынарый нагадаў сабраным, што сёстры назарэтанкі прыбылі ў Навагрудак па запрашэнні біскупа Зыгмунта Лазінскага, сёння Слугі Божага, і адразу прыступілі да выканання свайго штодзённага служэння з вялікай ахвярнасцю і самаадданасцю. “Яны былі проста благаслаўленнем і душой гэтага горада”, — дадаў іерарх.

Паказалі веліч годнасці чалавека

Біскуп Аляксандр Кашкевіч заахвоціў прысутных, якія прыбылі, каб стаць на зямлю, акропленую крывёй мучаніц, да падзякі Пану за вялікі дар мучаніцтва сясцёр назарэтанак i за іх сведчанне нязломнай веры і гераічнай любові да Бога і да бліжняга. Па словах іерарха, сваім жыццём і смерцю сёстры паказалі, якая вялікая годнасць чалавека і хрысціяніна, “даказалі, што гэтай годнасці нішто не здолее патаптаць: ані нянавісць, ані страх, ані нават смерць”.



 

Таксама ў гэтым асаблівым месцы Гродзенскай дыяцэзіі прагучала малітва ў інтэнцыі хуткай беатыфікацыі сястры Малгажаты Банась — дванаццатай назарэтанкі з Навагрудка, якой не дадзена было атрымаць ласку мучаніцтва разам з яе сёстрамі. Святасць яе жыцця, вялікая адданасць, з якой яна служыла народу Божаму, цярплівасць і пакора, з якімі прымала цярпенні — усё гэта таксама з’яўляецца прыгожым сведчаннем вернасці Хрысту і ўласнаму законнаму пакліканню.

Шматлікая прысутнасць пілігрымаў у гэты дзень стала выразам памяці пра сясцёр мучаніц, пра святасць іх жыцця і пра гераізм іх смерці.

Кс. Юрый Марціновіч 

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.