Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Біскуп Антоні Дзям'янка на 72-годдзе смерці навагрудскіх мучаніц: «Праз іх заступніцтва прасіць за нашыя сем’і»
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
01.08.2015 06:33

1 жніўня ў касцёле Перамянення Пана ў Навагрудку адбылася святая Імша ў межах урачыстасцяў 72-й гадавіны мучаніцкай смерці благаслаўлёных навагрудскіх сясцёр назарэтанак. Эўхарыстыю ў навагрудскім фарным касцёле, дзе маліліся і ўдзельнічалі ў штодзённых святых Імшах сёстры мучаніцы, узначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.

Імша адбылася ў 4.30 - якраз той час, калі 72 гады таму сёстры былі расстраляны нацыстамі.

У Эўхарыстыі ўдзельнічалі сёстры назарэтанкі, якія прыбылі з розных месцаў Беларусі, пілігрымы, якія прыйшлі ў пешых пілігрымках з Гродна і Новай Мышы (Пінская дыяцэзія) і вернікі, што праз заступніцтва благаслаўлёных мучаніц прасілі аб патрэбных дарах і ласках для сваіх сем'яў.

У гаміліі, кажучы пра благаслаўлёных назарэтанак, пінскі ардынарый адзначыў, што “памяць аб святасці іх жыцця не прамінае і тут, у месцы пераходу з зямнога жыцця ў вечнасць, і ў месцы іх апошняга служэння ў навагрудскім фарным касцёле”. Таксама, дадаў біскуп, “слава іх святасці вядома не толькі ў дыяцэзіі, Беларусі, - яна вядома на розных кантынентах”: “так хацеў Бог узвысіць сваіх слуг за вернасць Евангеллю да канца, за дапамогу тым, хто быў у роспачы”.
 
Іерарх нагадаў пра трагічныя дні ліпеня 1943 года, каб “лепей зразумець ахвярнасць благаслаўлёных мучаніц”. “Сёстры назарэтанкі у клопаце аб навагрудскіх сем’ях пайшлі да канца – нават выказалі волю змяніць лёс арыштаваных бацькоў з навагрудскіх сем’яў, якія знаходзіліся як закладнікі ў турме, самі замест іх ахвяроўваючы сваё жыццё. Потым аб гэтым засведчыў іх капелан, тагачасны рэктар фары, а цяпер кандыдат на хвалу алтара Слуга Божы кс. Аляксандр Зянкевіч”, - сказаў біскуп Антоні Дзям’янка.

Паколькі мучаніцы з Навагрудка прысвяцілі сябе служэнню сем’ям, то, разважаючы на тэму сям’і, іерарх падкрэсліў, што “вера захоўваецца ў той сям’і, якая моліцца”. “Вядома, што сем’і, асабліва маладыя, моцна абцяжараныя працай. Але гэты бег вельмі часта не мае нічога агульнага са спаборніцтвам у веры. Штодзень сем’і павінны быць місійнымі ў штодзённых абавязках, укладваючы ў іх соль і закваску веры”, - звярнуў увагу пінскі ардынарый.

Біскуп нагадаў і аб тым, што “толькі Бог з разрозненасці можа стварыць гармонію, а “калі адсутнічае любоў да Бога, то і сям’я губляе гармонію, дамінуе індывідуалізм і згасае радасць”; сям’я ж, якая “жыве радасцю веры, веру перадае і з’яўляецца соллю зямлі і святлом свету, а для грамадства - добрай закваскай”.
Іерарх адзначыў таксама значэнне бацькі ў сям’і, які “не толькі клапоціцца аб матэрыяльным баку”.

Біскуп звярнуў увагу і на тое, што сёння, калі “відавочны крызіс жаноцкасці, калі сучасная жанчына бамбардуецца рэвалюцыйнымі ідэалогіямі і ўсё часцей ім паддаецца, становіцца не толькі параненай істотай і няздольнай да выканання належных ёй абавязкаў, але і негатыўным прыкладам для дзяўчат, якія толькі распачынаюць дарослае жыццё”, “варта ўзгадаць аб прыкладзе жанчыны, жонкі і маці”. У якасці прыкладу біскуп прывёў ліст Зоф’і з роду Чартарыйскіх-Замойскіх - маці 11 дзяцей, адрасаваны дачцэ Ядвізе ў дзень заручын. “Найперш табе буду гаварыць пра Бога. Будзь заўсёды верная Яго закону, будзь набожнай. Збаўца сказаў – будзьце ўважлівымі і маліцеся – злучай нястомна гэтыя два абавязкі, прадпісаныя Ім самым. Будзь уважлівай над сабой, вядзі барацьбу з дрэннымі схільнасцямі, пастарайся выправіцца, супраціўляйся кепскім звычкам, не рабі іншым таго, чаго не хацелася б, каб табе зрабілі, верна выконвай абавязкі, якія Бог табе прызначыў”, - гаворыцца ў лісце.

Па словах пінскага ардынарыя, “сёння, калі хрысціянскі свет прыкладае намаганні, каб замацаваць ізноў хрысціянскія звычаі, неабходна вярнуцца да прыгожых прыкладаў жонак і маці”.

Іерарх падкрэсліў, што каталіцкае выхаванне дзяцей заўсёды “запэўнівала правільнае духоўнае і маральнае развіццё”, а акрамя таго, “дзякуючы правільнаму разуменню і падыходу да матэрыяльных каштоўнасцяў, запэўнівала таксама матэрыяльны дабрабыт”.
Біскуп Антоні Дзям’янка заклікаў удзельнікаў святой Імшы перад працай другой сесіі Сінода Біскупаў, прысвечанага справам сужэнства і сям’і, які пройдзе ў Рыме восенню, прасіць Бога праз заступніцтва благаслаўлёных сясцёр назарэтанак “за нашыя сем’і,  за маці, бацькаў, дзяцей у сям’і, за бабуль і дзядуляў, каб яны былі моцныя Богам”.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.