Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Каталіцкі летнік для моладзі Шчучына - 10 дзён малітваў, спорту і гульняў
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
31.07.2015 11:39

Лета – час натхнення сонцам, блакітным небам, неверагоднымі беларускімі краявідамі і цудамі Бога.  Адпачынак з Нябесным Айцом выбірае шчучынская моладзь на працягу ўжо 10 гадоў. 

Летнія выяздныя вакацыі перажыла моладзь парафіі Св. Тэрэзы Авільскай горада Шчучын. 10 дзён адарванасці ад штодзённых гарадскіх клопатаў і знаёмства з вясковым наваколлем, духоўнага напаўнення і актыўнага адпачынку, сур’ёзных тэм зранку і няспынных танцаў увечары.

“Ён і я” – такой была тэма адпачынку ў гэтым годзе. Моладзь з дапамогай гасцей, якія наведвалі яе штодзень, спрабавала заўважыць і падкрэсліць кіраўніцтва Бога ў сваім жыцці. Чытанне Бібліі ўмацоўвала перакананасць у магчымасці асабістай размовы з Любячым Татам. Імша, якую маглі перажываць маладыя людзі разам з жыхарамі вёскі, замацоўвала прысутнасць Духа Святога сярод адпачываючых.

Разам з Божым напаўненнем моладзь узнаўляла і фізічную форму праз забаўляльную праграму і абавязковыя пункты раскладу дня (руханка, купанне на рэчцы, сытны сняданак, абед і вячэра). Абыякавых на адпачынку не знайшлося, таму ўсе мерапрыемствы ззялі творчым духам, энергіяй, таленавітасцю шчучынскіх падлеткаў.

"Разгуляцца" было дзе: “Вечар знаёмстваў”, “Бітва кліпаў”, “Танцавальны батл”, “Хвіліна славы” і “Казакі-разбойнікі” ў чатыры раніцы. Надвор'е не заўсёды было ідэальным, але настрой, сямейная атмасфера, любоў, супакой ліліся праз край.

Узельнікі адпачынку дзякуюць Богу за Яго прысутнасць у кожнай хвіліне жыцця, за беларускую моладзь, энергія якой аднаўляе, за айцоў піяраў (асабліва за а. Вітальда Пяцельчыца), за безадмоўных людзей (Алену Мыслівец, Людмілу Казлову, Дар’ю Сідараву), за таленавітыя рукі кухарак (Настассю Цыбульскую, Надзею Роўбу і Кацярыну Балобан) і ўжо зараз пачынаюць чакаць наступнага года. Усім чытачам жа яны жадаюць знайсці свой адпачынак з асабістай прысутнасцю Нябеснага Айца.

(АлГ), (AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.