Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Брамнік зборнай Беларусі і БАТЭ Сяргей Чэрнік наведаў каталіцкі дзіцячы лагер «Няцеч»
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
01.07.2015 17:44

30 чэрвеня ў дзiцячым лагеры адпачынку «Няцеч» пры «Карытас» Гродзенскай дыяцэзii адбыўся дзень спорту, на якi, па запрашэнні кс. Артура Малафея, душпастыра спартсменаў Гродзенскай дыяцэзii, а таксама дырэктара лагерy «Няцеч» Алега Гарбачова, прыбыў брамнiк зборнай Рэспублiкi Беларусь па футболе i ФК БАТЭ Сяргей Чэрнiк.

Для ўсiх 38 дзяцей, якiя цяпер знаходзяцца ў лагеры, гэта было вялiкiм святам. Дзецi спаткалi спартсмена з усмешкамi на тварах, на прывiтанне падрыхтавалi рэлiгiйную песню. Пасля хлопцы i дзяўчаты паказалi свае пакоі, расказалi, як жывуць і чым займаюцца.


Потым адбылася прэс-канферэнцыя, якая трывала амаль гадзiну. На пачатку Сяргей Чэрнiк коратка расказаў сваю бiяграфiю, а затым з радасцю адказаў на пытаннi, якiя задавалi дзецi. Прапануем увазе некаторыя пытаннi i адказы на iх:

- Сяргей, якая Ваша любiмая кнiжка?

- Калi вучыўся ў школе, то чытаў шмат, але цяпер часу на гэта не хапае. Аднак стараюся заўсёды знайсцi хвiлiнку i пачытаць любiмую кнiжку. Люблю кнiгi Васiля Быкава, пра вайну, ёсць таксама цiкавая кнiжка ў Льва Яшына, калi той апicвае сваю бiяграфiю.

- Як доўга Вы не прапускалі мячы ў брамы?

- Журналісты, якія вядуць статыстыку, палічылі, колькі хвілін я не прапускаў, і ўдалося пабіць рэкорд - больш за 1000 хвілін.

- Чаму Вы абралі менавіта футбол?

- Бацька быў футбалістам. Першым падарункам быў футбольны мяч.

- Скажыце, з якім лікам завяршыўся Ваш першы матч, калі памятаеце?

- Памятаю. У складзе ФК «БАТЭ» - гэта была гульня з ФК «Минск» - мы перамаглі 1:0.

- Што Вы больш за ўсё любіце есці?

- Я шмат чаго люблю, ем усё. Сёння бабуля мне прыгатавала «памачушку». Я сам люблю гатаваць.

- Калі б Вы не сталі футбалістам, кім тады хацелі б быць?

- Хакейным брамнікам.

- Сяргей, раскажыце, якое месца займае вера ў Вашым жыццi?

- Асновы былі закладзены бабуляй і дзядулем. У вёсцы Фальковічы мы праводзілі летнія канікулы. Калі ў нядзелю не было магчымасці дабрацца да касцёла, то дзядуля ўключаў радыё і мы слухалі святую Імшу. Кожны вечар дзядуля незалежна ад стомленасці заўсёды прамаўляў «Патэр», і гэта больш за ўсё ў мяне адклалася ў памяці. Да сённяшняга дня я кожны вечар станаўлюся на калені і дзякую ў малітве Пану Богу за пражыты дзень. Пазней мы жылі ў Лунно (Мастоўскі раён) і тут у нас была падрыхтоўка да Першай Камуніі і споведзі. Калі пераехалі ў Гродна, я пазнаёміўся з дзяўчынай Веранікай (жонка Сяргея. - аўт.), і яна дапамагла падрыхтавацца да сакрамэнту канфірмацыі, а праз нейкі час адбыўся шлюб у касцёле. Перад кожным матчам я малюся і прашу Бога аб благаслаўленні. Жадаю вам, дзеці, каб вы пры кожнай магчымасці дзякавалі Богу за тое, што ў вас ёсць на сёння.

Кожны ўдзельнік прэс-канферэнцыі атрымаў у падарунак фота футбаліста з аўтографам. Сяргей падарыў лагеру футбольныя і валейбольныя мячы і салодкія прызы.

Па заканчэннi прэс-канферэнцыi дзецi запрасiлi Cяргея да сумеснага танцу. Потым адбыўся майстар-клас ад Сяргея, падчас якога дзеці былі падзелены на дзве каманды і прайшлі эстафеты, а потым разам згулялі ў футбол. Завяршыліся заняткі на полі ўдарамі па брамах, месца ў якіх заняў Сяргей Чэрнік. Фотасесія і цёплыя размовы з футбалістам завяршылі сустрэчу. Сяргей паабяцаў наведаць дзяцей у наступным годзе.


Кс. Артур Малафей, (АлГ), (AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.