Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Біскуп Аляксандр Яшэўскі ўзначаліў парафіяльную ўрачыстасць у Барунах
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
01.07.2015 11:32

29 чэрвеня ў парафіі Святых апосталаў Пятра і Паўла ў Барунах адбылася адпустовая ўрачыстасць. Святую Імшу ўзначаліў новапрызначаны дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB, які зусім нядаўна, 27 чэрвеня, прыняў біскупскае пасвячэнне. Яго з вялікай радасцю прывітаў пробашч парафіі кс. Люцыян Дамброўскі SDB разам з Ашмянскім дэканам кс. Янам Пузынам і шматлікімі святарамі.

Святыня была перапоўнена вернікамі так, што зерню не было дзе ўпасці. Людзі з розных куткоў Беларусі прыехалі ў Баруны каб прывітаць новага біскупа і разам з ім памаліцца да Бога праз заступніцтва Маці Божай Барунскай, чый цудатворны абраз тут ушаноўваецца, і святых апосталаў.


Як узгадаў сам іерарх у гаміліі, для яго барунская святыня вельмі блізкая, бо тут распачалося ягонае духоўнае жыццё. 27 кастрычніка 1973 года яго бацькі абвянчаліся ў гэтым касцёле. 1 верасня 1974 года ў Барунах кс. Станіслаў Казлоўскі ахрысціў будучага біскупа, а 12 жніўня 1984 года кс. Ян Матусевіч удзяліў яму сакрамэнт пакаяння і Першую святую Камунію. Менавіта ў Барунах праз тыдзень пасля прыняцця ў 2000 годзе прэзбітэрскага пасвячэння настаяцелі скіравалі маладога кс. Аляксандра замяніць пробашча, аж пакуль кс. Аляксандр не знайшоў сабе замену ў асобе свайго колішняга дырэктара кс. Люцыяна, які прыехаў дапамагчы маладому святару правесці адпуст і так і застаўся аж дагэтуль.

У гаміліі, звяртаючыся да вернікаў, біскуп выказаў словы падзякі сваёй 82-гадовай бабулі Хрысціне і праз яе ўсім старэйшым пакаленням за адважнае сведчанне і перадачу веры, асабліва ў камуністычныя часы ўсеагульнай атэізацыі. Менавіта яны, бабулі, у тыя часы дапамагалі бацькам там, дзе не было касцёлаў, падчас летняга адпачынку ўнукаў, як тады казалі, “давесці” іх да святой Камуніі і споведзі.


"Дзякую вам за гэта ад імя ўсіх нас, каму вы ў тыя непростыя часы так адважна і прадбачліва перадавалі Бога і любоў да Найсвяцейшай Маці", - сказаў іерарх.

Узгадваючы апостала Пятра, біскуп Яшэўскі падкрэсліў, што Бог глядзіць глыбей, чым чалавек. У простым рыбаку, які называе сябе грэшным і ў хвіліну слабасці выракся свайго Настаўніка, Хрыстус убачыў свайго пераемніка, які будзе лавіць не рыбу, а людзей.


Саўл перамяніўся ў апостала Паўла праз асабістае спатканне з Хрыстом, адзначыў біскуп. Нямала і ў нашай Беларусі такіх Саўлаў, якім патрэбная сустрэча з Хрыстом, дапамагчы ім у гэтым - мэта апостальскай дзейнасці кожнага веруючага чалавек, адзначыў іерарх.

Урачыстая адпустовая Імша завяршылася эўхарыстычнай працэсіяй вакол касцёла і благаслаўленнем біскупа Аляксандра Яшэўскага, які, ідучы праз касцёл, дзякаваў людзям за прысутнасць і малітву хрысціянскімі словамі "Божа, адудзяч".

(АлГ)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.