Адбылася аплатковая сустрэча святароў Гродзенскай дыяцэзіі з удзелам Апостальскага Нунцыя | Друк |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
19.12.2014 18:27

19 снежня ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне адбылася аплатковая сустрэча святароў Гродзенскай дыяцэзіі. У сустрэчы прынялі ўдзел Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч і дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.

У сустрэчы перад святамі Божага Нараджэння ўдзельнічалі таксама навучэнцы Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.

Сустрэча пачалася святой Імшой у капліцы семінарыі, якую ўзначаліў арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці.

Біскуп Аляксандр Кашкевіч прывітаў прадстаўніка Папы і ўсіх святароў, якія сабраліся на сустрэчы. «Прысутнасць Апостальскага Нунцыя сярод нас — гэта вялікі гонар і вымоўны знак нашай лучнасці з Апостальскай Сталіцай і сыноўскай лучнасці з Папам Францішкам. У нашых малітвах мы заўсёды памятаем пра Святога Айца і просім, каб Езус Хрыстус адарыў яго патрэбнымі ласкамі ў нялёгкай службе Паўсюднаму Касцёлу», — сказаў біскуп. «Святы Божага Нараджэння павінны мець супольны, сямейны характар, і мы, святары Гродзенскай дыяцэзіі, таксама хочам адчуць сябе адной сям’ёй, якую аб’ядноўвае ўдзел у адзіным, непадзельным і вечным святарстве Хрыста», — дадаў гродзенскі ардынарый.

Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, звяртаючыся да сабраных, сказаў у гаміліі: «Мы ўжо блізка да Божага Нараджэння, і гэта робіць нашу сустрэчу яшчэ больш цёплай і братэрскай». Разважаючы над літургічным чытаннем з Евангелля паводле Лукі на гэты дзень, Апостальскі Нунцый падкрэсліў, што «Бог мае для нас добрую навіну, як і для Альжбеты і Захарыі».

Нагадваючы пра тое, як Захарыя ўспрымае навіну ад анёла, што ў старым узросце стане бацькам, арцыбіскуп адзначыў: «Першая рэакцыя Захарыі — страх. Так часта бывае, калі Бог з’яўляецца ў нашым жыцці: мы добра ўмеем тлумачыць іншым, што яны павінны звяртацца да Бога і прымаць тое, што з імі адбываецца, але нам цяжка самім быць у такіх сітуацыях мужнымі». «Гэта як калі б мы хацелі сказаць: “Божа, мы добрыя святары, мы добра здзяйсняем літургію, але было б лепш, калі б Ты не ўмешваўся ў наша прыватнае жыццё”», — дадаў, звяртаючыся да святароў, іерарх.


Кажучы пра тое, што зараз перажываюцца апошнія дні Адвэнту — «перыяду вельмі асаблівага» — арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці патлумачыў: «Гэта час, калі ў нашым сэрцы мы збіраем пытанні, якія павінны паставіць Богу. І гэтыя пытанні могуць мець характар пастаральны, адносіцца да людзей, давераных нашай пастырскай апецы, але яны не могуць не мець і характару асабістага, які датычыць нашых адносінаў да Бога. І калі ў нашым сэрцы сёння няма такога пытання — гэта знак, што мы згубілі яшчэ адзін год. І гэта момант, каб прадставіць Богу нашы надзеі, або наш страх — у залежнасці ад таго, хто на якім этапе знаходзіцца, — каб гэтым выразіць, што Бог аснова нашага жыцця, а не толькі прафесійнай дзейнасці».

«Сёння той момант, каб паставіць перад Богам гэтае пытанне са шчырасцю. І калі Бог захоча, то пашле вам анёла, каб прынесці добрую навіну», — дадаў Апостальскі Нунцый.



Арцыбіскуп нагадаў таксама пра важнасць даверу. «Калі няма даверу святару, няма даверу паміж святарамі — цяжка гаварыць пра давер да Бога. Але калі недзе ёсць давер, то гэта вынік таго, што хтосьці ўбачыў перад сабой святара, які не мае страху», — адзначыў прадстаўнік Папы.

Іерарх пажадаў прысутным, каб яны «збіралі пытанні», якія ўнутры іх, а таксама каб маглі глядзець у вочы людзям без страху. «Святар свабодны будзе сведкам Божага Нараджэння. І святар нявольнік будзе сведкам непрынятай добрай навіны і закрытых вуснаў, якія не могуць гаварыць», — сказаў арцыбіскуп і пажадаў удзельнікам сустрэчы «гэтай свабоды, якая з’яўляецца дарам Хрыста».

Таксама, кажучы пра семінарыстаў, Апостальскі Нунцый пажадаў святарам «мець такія вочы, гледзячы ў якія семінарысты маглі б бачыць, што мы браты, якія ставяцца да іх з любоўю».

Пасля адбылося дзяленне аплаткай. Аплатка — сімвал еднасці, таму падчас сустрэчы гучала шмат віншаванняў і пажаданняў. Святары гродзенскага прэзбітэрыя мелі магчымасць у гэты дзень адчуць сябе сям’ёй, каб мір, згода і адзінства запанавалі ў сэрцах многіх людзей, асабліва тых, сярод якіх яны выконваюць сваё служэнне, і каб гэтыя мір і згода існавалі і ў самой святарскай сям’і.



Біскуп Юзаф Станеўскі выказаў віншаванні арцыбіскупу Клаўдыё Гуджэроцці, біскупу Аляксандру Кашкевічу, сабраным святарам і семінарыстам. «Сёння Бог дае нам яшчэ адну магчымасць, каб паразважаць над вялікай таямніцай і любоўю», — сказаў у сваім слове дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі. Іерарх пажадаў, каб кожны з сабраных мог «дакрануцца ў гэты дзень да гэтай Божай любові», пажадаў усім благаслаўлёнага Божага Нараджэння і шчаслівага Новага года.

Аплатковая сустрэча святароў Гродзенскай дыяцэзіі адбылася таксама 18 снежня ў парафіі Святой Сям’і ў Лідзе. У сустрэчы прыняў удзел біскуп Аляксандр Кашкевіч. Выказваючы віншаванні святарам, гродзенскі ардынарый падзякаваў ім за плённую і руплівую працу, за абвяшчэнне Хрыстовага Евангелля, адданасць, будаванне святарскай супольнасці.

Кс. Юрый Марціновіч, Анастасія Грышан
Фота Аляксандры Шчыглінскай

 
© 2003-2024 Catholic.by