Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Фацімскія набажэнствы завяршыліся ў зарачанскай парафіі
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
29.10.2014 14:13

Парафія Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Зарачанцы (Баля Касцёльная; Гродзенская дыяцэзія) першы раз у гэтым годзе перажывала фацімскія набажэнствы. Гэтыя набажэнствы праходзяць кожны 13-ы дзень месяца з мая па кастрычнік і нагадваюць пра аб’яўленні Маці Божай у Фаціме.

Кожнае набажэнства мае адкупленчы характар і ўключае супольную малітву Ружанца. Яно з’яўляецца адказам на заклікі Марыі да ружанцовай малітвы і да чынення пакаяння за грэшнікаў.

У зарачанскай парафіі ў малітве Ружанца прымала ўдзел увесь гэты час шмат вернікаў, якія перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам імкнуліся споўніць наказ Панны Марыі, зроблены ў 1917 г.: «Дзеці мае, штодзённа прамаўляйце Ружанец». Штораз парафіяне маліліся адну з чатырох яго частак. Потым адбывалася святая Імша, пасля якой вернікі з запаленымі свечкамі і спевам ішлі ў працэсіі з фігурай Маці Божай Фацімскай.

Кожны месяц вернікі маліліся ў інтэнцыях Святога Айца, аб міры ў свеце, аб духу пакаяння і ўзаемнага прабачэння, а таксама аб Божым благаслаўленні для ўсіх удзельнікаў гэтых набажэнстваў і ўсіх парафіян.

Апошняе фацімскае набажэнства прайшло ў парафіі ў кастрычніку. Набажэнства і Імшу ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. У гэты месяц, прысвечаны Найсвяцейшай Панне Марыі, іерарх заахвоціў усіх дзяцей Касцёла асабліва маліцца Ружанец.

Па запрашэнні пробашча кс. Віктара Мыслюка правядзенне набажэнстваў распачаў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, у верасні праводзіў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч (Імша была прымеркавана да фацімскага дня і 25-годдзя адкрыцця канфіскаванага ў часы ганенняў касцёла пасля яго перадачы вернікам).

Вернікі зарачанскай парафіі жадаюць і далей адказваць на просьбы Маці Божай і маліцца на ружанцы ў інтэнцыі ўсіх цяжкіх спраў у сваіх сем’ях і ў касцёле.

Кс. Юрый Марціновіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.