Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Першакурснікі семінарыі ў Гродне пра сябе і сваё пакліканне
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
29.10.2014 13:06

Першакурснікі Вышэйшай Духоўнай семінарыі ў Гродне распавядаюць свае гісторыі паклікання. Яўген Абрамаў, Яўген Амасёнак, Андрэй Струкель, Вадзім Каўтанюк, Павел Канановіч і Аляксей Шарыпаў пра сябе і сваю дарогу да Бога.

 

 

н

 

 Яўген Абрамаў:

«Мне 18 гадоў. Прыехаў з Ліды, з парафіі Ліда-Слабада. Міністрантам  у парафіі я быў з васьмі гадоў. Першую Камунію прыняў у 2008 годзе. У 2012 годзе прыняў сакрамэнт канфірмацыі. Вучыўся да 9 класа ў сярэдняй школе, а потым паступіў у школу з гісторыка-грамадазнаўчым ухілам. Скончыў школу ў 2014 г. Адразу пасля школы я паступіў у семінарыю. Маці добра адрэагавала на гэта. Першыя думкі пра паступленне ў семінарыю ў мяне з’явіліся ў 9 класе, але ў гэтым я быў яшчэ не вельмі ўпэўнены. Але затым я ўсё больш задумваўся пра гэта. Глядзеў на пробашча і вікарыя і думаў пра пакліканне. У 2014 г. я трапіў на рэкалекцыі ў семінарыю, якія дапамаглі мне ўмацавацца ў сваім пакліканні. Пакліканне — гэта вялікі дар і таямніца, якія цяжка растлумачыць».

gЯўген Амасёнак:

«Я нарадзіўся 8 сакавіка 1987 года ў Слоніме. Вучыўся ў сярэдняй школе з музычным ухілам. У 12 гадоў пазнаёміўся з а. Вітальдам Жэльветрам OFMCap, які разам з маімі бацькамі вельмі паўплываў на мой жыццёвы погляд і духоўнае развіццё. Памятаю, як у апошнія гады вучобы ў школе шмат разважаў на тэму паклікання. Адчуваў у сэрцы, што Бог падрыхтаваў для мяне, як і для кожнага чалавека, найлепшы і непаўторны жыццёвы шлях. Але вырашыў не спяшацца з высновамі і пайшоў вучыцца ў БДЭУ на факультэт гасцінічнай і рэстараннай гаспадаркі.

Падчас навучання пазнаёміўся з вельмі цікавымі людзьмі, якія таксама паўплывалі на маё духоўнае станаўленне. Асабліва ў час рэпетыцый у моладзевым тэатры. Прымаў удзел у служэнні «Легіёна Марыі», дзе я ўжо канчаткова вырашыў пайсці вучыцца ў семінарыю, каб далей распазнаваць сваё жыццёвае пакліканне».

gАндрэй Струкель:

«Я паходжу з парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе (Ліда-Фара). Сваё пакліканне я адчуў пасля 9 класа. Але пасля размовы з бацькамі застаўся ў школе і пасля 10 класа паступіў у Лідскі каледж на электрамеханіка. На працягу 4 гадоў навучання мяне не пакідалі думкі  аб маім пакліканні. І вось заставалася паўгады да атрымання дыплома, калі я пачуў голас Бога, які сказаў мне: «Вазьмі свой крыж і ідзі за Мной».

Гэтыя словы я пачуў на моладзевай адарацыі ў касцёле, на якой я маліўся аб выбары жыццёвай дарогі: або служыць Богу і людзям, або быць добрым бацькам. У канцы адарацыі праз сястру Клару Волчак я пачуў гэтыя словы і адразу адказаў Богу «так». На маё пакліканне паўплывалі святары з маёй парафіі, але вялікі ўклад унеслі мае бацькі і бабуля з дзядулем, якія ўзялі на сябе адказнасць пасля майго хросту давесці мяне да Бога.

Калі я сказаў сваім бацькам аб рашэнні паступаць у семінарыю, яны былі вельмі здзіўленыя і шакаваныя. Але яны — мае бацькі, любяць мяне і жадаюць мне дабра. Сабраўшы ўсе патрэбныя дакументы, я прыехаў у семінарыю. Прысутнічаў спачатку на рэкалекцыях для хлопцаў. А пасля рэкалекцый здаваў уступныя іспыты. І, рэалізуючы сваё пакліканне, хачу сказаць тым хлопцам, якія чуюць голас Бога, каб не баяліся адказаць Яму «так».

gВадзім Каўтанюк:

«Я паходжу з Навагрудка, з парафіі Святога Міхала Арханёла. Мне 24 гады. Сёлета я паступіў у Вышэйшую духоўную семінарыю ў Гродне і вельмі задаволены гэтым фактам.

Марыў аб гэтым яшчэ ў школе, але бацькі хацелі, каб спачатку я атрымаў свецкую адукацыю, а ўжо потым пайшоў у семінарыю. Я паступіў у БДУ на факультэт журналістыкі і скончыў яго ў 2012 годзе. Вучыўся на бюджэце, таму быў вымушаны адпрацоўваць яшчэ два гады па размеркаванні. І вось нарэшце я там, дзе так даўно хацеў быць. Пакліканне адчуў яшчэ ў дзяцінстве, калі шпацыраваў з бабуляй каля касцёла святога Міхала на Каляды і ўбачыў агеньчыкі пад самым дахам касцёла. Тады мне вельмі захацелася стаць святаром. Меў, можа, 6-7 гадоў. Потым — першая святая Камунія, служба міністрантам і, нарэшце, семінарыя».

g Павел Канановіч:

«Паходжу з парафіі Cвятой Сям’і ў Лідзе. Упершыню адчуў пакліканне стаць святаром, калі служыў у войску. Пасля арміі працаваў на будоўлі. Перад  паступленнем у семінарыю скончыў 3 курсы на будаўнічым факультэце БНТУ. Увесь гэты час разважаў пра пакліканне. Маё пакліканне мне дапамаглі раскрыць сястра Клара з Супольнасці Дачок Беззаганнай Марыі, якая паходзіць  з маёй парафіі, і іншыя святары.

Вялікі ўплыў аказаў на мяне і кс. Валерый Быкоўскі, калі я прыязджаў на рэкалекцыі ў семінарыю. Бог даваў шмат знакаў, якія дапамаглі мне прыняць гэтае рашэнне. Хачу пажадаць тым, хто думае над прыняццем рашэння пайсці ў семінарыю: не бойцеся ісці за Езусам!»

gАляксей Шарыпаў:

«Я прыехаў са Смаргоні з парафіі Святога Міхала Арханёла. Пакліканне я адчуў у 9 класе пасля прыняцця сакрамэнту канфірмацыі. Пасля гэтага я пачаў хадзіць на рэкалекцыі, якія праходзілі ў нас у касцёле, ездзіў у Мінск на рэкалекцыі і начное чуванне, якія таксама моцна паўплывалі на мой выбар.

Пасля 10 класа я стаў міністрантам. Акрамя рэкалекцый, я размаўляў з некаторымі святарамі на тэму майго паклікання. Пасля 11 класа вырашыў пайсці ў семінарыю, каб і далей распазнаваць сваё пакліканне».

g Паводле сайта Вышэйшай Духоўнай семінарыі ў Гродне

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.