Сакратар Апостальскай Нунцыятуры сустрэўся з моладдзю душпастырства «OPEN» | Друк |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
25.10.2014 12:26

23 кастрычніка ў межах традыцыйнай сустрэчы Душпастырства студэнцкай і працуючай моладзі Гродна «OPEN» з моладдзю душпастырства сустрэўся мансіньёр Філіппо Чампанэллі, сакратар Апостальскай Нунцыятуры ў Беларусі.

Сакратар Апостальскай Нунцыятуры ўзначаліў святую Імшу і звярнуўся да маладых вернікаў з гаміліяй, у якой сярод іншага згадаў аб сваёй размове праз скайп-сувязь з маладымі італьянскімі сябрамі. Мансіньёр Філіппо Чампанэллі распавёў пра іх здзіўленне, калі яны даведаліся, што моладзь у Беларусі выкарыстоўвае скайп не толькі для размовы, але і для малітвы на ружанцы.

Па словах святара, яго сябры з Італіі падкрэслілі, што моладзь з Беларусі - святая. Удзельнікі душпастырства «OPEN» адзначаюць, што, напэўна, гэтыя словы прагучалі як пахвала, але больш - як заданне, каб сапраўды быць святымі ў сучасным свеце.

Пасля Імшы адбылася сустрэча і цёплая размова сакратара Апостальскай Нунцыятуры з моладдзю. Падчас размовы панавала атмасфера радасці, уважлівасці, зацікаўленасці, адчувалася ўзаемная адкрытасць. Маладыя вернікі расказалі пра тое, чым яны займаюцца і чаму збіраюцца на душпастырства.

Падчас расповеду аб сваім жыццёвым шляху госць падзяліўся тым, што паўплывала на яго веру: гэта былі між іншым удзел у Сусветным дні моладзі ў Чэнстахове і набыццё абразка Маці Божай з Дзіцяткам Езусам.

Мансіньёр Філіппо Чампанэллі адказаў на пытанні маладых вернікаў - аб працы ў Апостальскай Нунцыятуры, аб тым, як ён ставіцца да моладзі і якое было самае забаўнае здарэнне падчас яго святарскага служэння з маладымі італьянцамі. Святар пацікавіўся і стаўленнем моладзі да людзей са слабой верай або зусім няверуючых і тым, як хрысціянская вера дапамагае ўдзельнікам душпастырства «OPEN» у жыцці. Моладзь ахвотна падзялілася досведам перадачы веры ў сваім асяроддзі.

На заканчэнне не абышлося без падарункаў і запрашэння наведаць моладзь яшчэ не адзін раз, якое скіравалі да сакратара Нунцыятуры маладыя вернікі. Для гісторыі душпастырства «OPEN» была зроблена памятная фатаграфія.

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by