Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Смаргоні асвяцілі фундамент першай у Беларусі святыні ў гонар Яна Паўла ІІ
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
23.10.2014 13:45

Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч асвяціў фундамент будучага касцёла імя св. Яна Паўла ІІ у Смаргоні. У Беларусі гэта першая святыня, якая ўзводзіцца пад тытулам святога. Адметна, што цырымонія асвячэння адбылася 22 кастрычніка — у першы літургічны ўспамін св. Яна Паўла ІІ. 


Парафіяльная супольнасць св. Яна Паўла ІІ у Смаргоні яшчэ дастаткова маладая і налічвае толькі два гады. 17 лістапада 2012 года тут быў асвечаны крыж і пляцоўка пад будаўніцтва новага касцёла. Праца па ўзвядзенні новай святыні распачалася з вялікім энтузіязмам і ўжо праз год — 15 ліпеня 2013 года — на гэтым месцы гродзенскім ардынарыем была асвечана новая капліца.

На ўрачыстую святую Імшу ў парафіяльны адпуст, падчас якога быў асвечаны фундамент будучай святыні, прыбыло шмат вернікаў і гасцей, сярод якіх шмат запрошаных святароў і прадстаўнікоў мясцовай улады. Усе прыбылі, каб аддаць хвалу вялікаму святому, які, як кажуць самі парафіяне, благаслаўляе іх працу па будаўніцтве касцёла.

Найважнейшае ж, прызнаюцца парафіяне, гэта апека св. Яна Паўла ІІ —  іх апекуна «з дому Айца» — у будаўніцтве духоўнага касцёла, які ўтвараюць самі людзі. Пра такую еднасць сведчаць згуртаванасць парафіянаў, якія з ахвотай спрычыняюцца да будаўнічых прац.

Адказаць на пытанне Езуса «Ці любіш мяне?»

 

 

Урачыстую святую Імшу цэлебраваў біскуп Аляксандр Кашкевіч.

«Мы з’яўляемся сведкамі незвычайнай падзеі. У першы раз у літургіі мы ўзгадваем вялікага заступніка ў небе. Мы ўдзельнічаем таксама ў асвячэнні фундамента новай святыні, якая вельмі хутка з Божай дапамогай і шматлікіх ахвярных людзей расцe ўвысь. Будуйце дом для Пана, у будаўніцтве якога дапамагае св. Ян Павел ІІ. За ўсё сваё жыццё святы нікога не пакінуў без увагі, таму звяртайцеся да Яго ў сваіх малітвах», — адзначыў іерарх.

З гаміліяй да прысутных звярнуўся кс. Юрый Марціновіч. У сваёй прамове святар прыгадаў пытанне, якое Хрыстус задаваў святому Пятру: «Сёння Хрыстус Пан пытаецца ў нас, як пытаўся калісьці ў св. Пятра і св. Яна Паўла ІІ: “Ці любіш мяне?” Чым большая наша віна, тым часцей Езус пытаецца: “Ці любіш мяне?”.  І такая Божая праўда: чалавек часцей абражае Бога сваімі грахамі, чым Бог паспявае чалавека прабачыць.

Езус патрабуе нашай любові, Ён сам дае нам любоў і пытаецца ў нас аб любові. Пан Езус ведае нашыя слабасці, ведае, што крыецца ў кожным з нас, ведае пра нас больш, чым мы самі пра сябе. Аднак кожнага з нас пытае: “Ці любіш Мяне?”. Сёння ў Евангеллі Хрыстус запрашае нас “Ідзі за мной” (Ян  21, 19). Ці ж можна на гэта пытанне адказаць інакш, чым: так, Пане, ІДУ! Таму сёння, калі асвячаем фундаменты будучай святыні, калі хочам з вялікай любоўю ўзносіць Дом Пана, не можам выйсці з гэтай святыні да той пары, пакуль мы не адкажам Езусу Хрысту на пытанне: “Ці мяне любіш?”».



Святар прыгадаў прыклад 12-і апосталаў: «Мы таксама па прыкладу 12 апосталаў павінны ісці ў свет, ісці ў свае сем’і, на працу, вучобу і даваць сведчанне. Мы павінны патрабаваць ад сябе. Мы павінны вучыцца любіць іншых і быць для іх братамі і сёстрамі. Напэўна, не раз на нас будуць паказваць пальцам, не раз будуць нас абмяркоўваць, высмейваючы, але з вопыту апосталаў мы павінны радавацца, бо церпім у імя Езуса».

Падчас святой Імшы ў малітве былі ўзгаданыя і ахвярадаўцы, якія дапамагаюць будаўніцтву святыні не толькі малітоўна, але і матэрыяльна. Напрыканцы прагучала падзяка ў адрас дзяржаўных уладаў, якія падтрымліваюць узвядзенне новай святыні ў Смаргоні і пазітыўна ставяцца да ўсіх справаў, звязаных з далейшымі будаўнічымі працамі.

Пасля Імшы біскуп Аляксандр Кашкевіч асвяціў фундамент будучай святыні і пажадаў вернікам смаргонскай парафіі не стамляцца ў распачатай справе, якая застанецца прыгожым напамінам для будучых пакаленняў.

Новай парафіі ў Смаргоні толькі два гады, але плён яе працы бачны ўжо сёння. Гледзячы на старанні парафіян, якія працуюць над будаўніцтвам новага касцёла, можна толькі пацвердзіць, што яны ставяць перад сабой вялікія задачы. Тут вельмі дарэчнымі будуць знакамітыя словы Святога Айца Яна Паўла ІІ, сказаныя ім падчас адной з гамілій у 1987 годзе да моладзі: «Вы павінны патрабаваць ад сябе, нават калі б іншыя ад вас гэтага не патрабавалі».

(JM), (JLS)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.