Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Варта жыць для Хрыста»: кс. прэлат Вінцэнт Лісоўскі адзначыў у святарстве ўзрост зямнога жыцця Езуса
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
13.09.2014 13:31

33 гады з моманту прэзбітэрскага пасвячэння адзначыў 12 верасня ксёндз прэлат Вінцэнт Лісоўскі, пробашч парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Лідзе і дэкан Лідскі.

Як заўважыў сам святар, гэтая дата для яго выключная і адрозніваецца ад тых, што ён адзначаў раней: яна нагадвае ўзрост зямнога жыцця Езуса Хрыста, i ў гэты дзень ён асабліва яднаецца з асобай Найвышэйшага і Вечнага Святара.

Радасць кс. Вінцэнта Лісоўскага прыйшлі падзяліць шмат гасцей. Святую Імшу ў лідскім касцёле, дзе святар служыць ужо шмат гадоў, узначаліў дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец, з якім юбіляр разам вучыўся ў падпольнай семінарыі ў кс. інфулата Вацлава Пянткоўскага ў Мядзведзічах. Прыбылі святары, якіх яднаюць повязі сяброўства з кс. Лісоўскім, тыя, хто супрацоўнічаў з ім у парафіі, і тыя, якія з’яўляюцца яго выхаванцамі. Парафіяльная супольнасць, якой служыць юбіляр, таксама агарнула яго ў гэты дзень сваёй малітвай.

Біскуп Казімір Велікаселец нагадаў сабраным пра тое, як яны разам з юбілярам пачыналі вучобу ў семінарыі ў кс. Пянткоўскага. Ксёндз Вацлаў Пянткоўскі, былы Генеральны вікарый Пінскай дыяцэзіі, вязень ГУЛАГу, быў выхавацелем маладых святароў. У часы ганенняў на Касцёл ён арганізаваў падпольную семінарыю, дзе рыхтаваў кандыдатаў да святарства. Два з іх — Антоні Дзям’янка і Казімір Велікаселец — сталі біскупамі. Сярод былых вучняў кс. Пянткоўскага таксама кс. прэлат Антоні Гей з Брэста, кс. прэлат Вінцэнт Лісоўскі з Ліды, кс. Генрых Акалатовіч з Валожына і многія іншыя святары.


Ксёндз Вінцэнт Лісоўскі падчас Імшы маліўся асаблівым чынам за ўсіх тых, хто паспрыяў яго прыходу да алтара Пана; за сваю спачылую маці, за бацьку, найбліжэйшых родных, выхавацеляў і святароў, дзякуючы якім рэалізавалася яго пакліканне.

Былі таксама агучаны віншаванні Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча і біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у віншаванні адзначае: «Гледзячы на пройдзены табой шлях у служэнні Богу, Крыжу, Евангеллю і Касцёлу, я павінен падкрэсліць, што з поўнай адданасцю і руплівасцю ты адказваў і працягваеш адказваць на заданні, якія ставіць перад табой Божы Провід». Арцыпастыр дзякуе кс. Лісоўскаму за клопат аб парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Лідзе і аб усіх яе верніках.

Біскуп Аляксандр Кашкевіч заўважае: “З гэтай нагоды мы чарговы раз можам стаць перад Богам з удзячнасцю за ўсё дабро, якое стала ўдзелам столькіх людзей праз тваё служэнне. Гэтая выключная гадавіна твайго прэзбітэрскага пасвячэння яшчэ раз дапамагае нам усвядоміць таямніцу Божага паклікання. Сведчанне твайго святарскага служэння на працягу гэтых гадоў адкрывае значэнне словаў Хрыста: “Не вы Мяне выбралі, але Я выбраў вас і прызначыў, каб вы ішлі і прыносілі плён, і каб плён ваш трываў” (Ян 15, 16).
 
Падсумоўваючы 33 гады святарскага служэння ў Хрыстовым Касцёле, кс. Вінцэнт Лісоўскі напрыканцы Імшы сказаў коратка: «Варта жыць для Хрыста!»

Гледзячы на пройдзены шлях, узгадваючы ўсе месцы свайго служэння, а таксама Вышэйшую духоўную семінарыю ў Гродне, дзе адразу пасля яе адкрыцця ў 1990 г. ён быў яе першым пракуратарам (эканомам), на плёны сваёй працы, святар падзякаваў Божаму Провіду за ўсіх, каго спаткаў у сваім служэнні. За гэтыя гады ў жыцці ксяндза Вінцэнта Лісоўскага была незлічоная колькасць ахрышчаных, сужэнстваў, якія ён благаславіў, тых, хто паяднаўся з Богам у сакрамэнце пакаяння. Застаецца пажадаць ксяндзу прэлату, каб ён мог яшчэ доўгія гады быць слугой у Хрыстовым Касцёле.

Кс. Юрый Марціновіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.