Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
20-годдзе парафіі на Дзевятоўцы адзначылі ў Гродне
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
13.09.2014 00:42

Святую Імшу ў парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне (Дзевятоўка) з нагоды яе 20-годдзя ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. Сярод гасцей на святой Імшы прысутнічаў генеральны консул Польшчы ў Гродне Андрэй Хадкевіч і старшыня фонда «Крэсы ў патрэбе — палякі палякам» Цэзар Андрэй Юркевіч.

Адметна, што святая Імша праходзіла на месцы былой капліцы, у якой вернікі парафіі маліліся, яшчэ не маючы свайго касцёла. Сёння, калі парафіяльны касцёл пабудаваны, капліцу амаль разабралі.

Падчас урачыстасці шмат казалі пра гісторыю парафіі.

«Канец васьмідзесятых гадоў ХХ стагоддзя быў часам палітычных перамен у Еўропе, якія аказалі вялікі ўплыў на рэлігійнае жыццё. Падзенне камуністычнага рэжыму, падчас якога назіраўся пераслед Касцёла і пераслед адкрытага абвяшчэння Евангелля, адкрываў новую дарогу перад Касцёлам. Аднак новая дарога паказала, што нам не хапае касцёлаў і святароў», — зазначалася ў хроніцы парафіі.



Першы абраз і першае набажэнства

Першым пробашчам парафіі ў пачатку 90-х стаў а. Ян Зубель. Парафіяльная капліца была пасвечаная пад тытулам Найсвяцейшага Адкупіцеля ў 1994 годзе. Аўтарам праекта гэтай капліцы, як і пабудаванага пазней касцёла і парафіяльнай пляцоўкі, з’яўляецца брат а. Яна інжынер Генрык Зубель і яго супрацоўнікі. У будаўніцтве ўдзельнічалі інжынеры з «Грамадзянпраекта» ў Гродне. Для інжынера Генрыка Зубля магчымасць праектаваць касцёл на радзіме была асаблівай радасцю і гонарам.

У чэрвені 1995 г. у дапамогу а. Яну прыехаў а. Вальдэмар Слота, які пасля ад’езду першага пробашча ў лютым 1996 года прыняў душпастырства ў парафіі і будоўлю касцёла. У тым жа 1995 годзе былі пабудаваныя катэхетычныя залы і памяшканні для душпастырскіх сустрэч.

24 снежня 1995 г. у капліцу быў унесены абраз Маці Божай Нястомнай дапамогі і адпраўлена першае набажэнства пры ім. У наступным годзе, 22 і 23 чэрвеня 1997 г. парафію наведала фігура Маці Божай Фацімскай, якая вандравала па ўсіх парафіях Беларусі. У тым жа годзе Радыёстанцыя Марыя з Торуня (Польшча) ахвяравала парафіі фігуру Маці Божай Фацімскай.


Закладка вуглавога каменя

Асабліва ўзнёслы момант у жыцці парафіі — дата 14 лістапада 1997 года. У гэты дзень распачаліся працы па будаўніцтву касцёла. Праз тры гады, 7 кастрычніка 2000 года, біскуп Антоній Дзям’янка асвяціў вуглавы камень. Гэты камень паходзіць з базылікі Св. Пятра ў Рыме і быў падараваны і паблагаслаўлены Папам Янам Паўлам ІІ.

Вельмі важным і радасным момантам для польскіх рэдэмптарыстаў, якія працуюць не толькі ў Гродне, але і па ўсёй Беларусі, з’яўляюцца святарскія пасвячэнні і прыміцыі 21 чэрвеня 1998 года, першага рэдэмптарыста з Беларусі. Гэтым першым рэдэмптарыстам з Беларусі з’яўляецца а. Станіслаў Станеўскі, які з 26 чэрвеня 2008 г. да 20 жніўня 2012 г. выконваў абавязкі пробашча парафіі ў Дзевятоўцы. Пры ім 15 кастрычніка 2011 года біскуп Аляксандр Кашкевіч асвяціў касцёл.

Ва ўладкаванні будынка касцёла дапамагалі рэдэмптарысты і вернікі з ЗША, Польшчы, Італіі і Германіі. Напрыклад, Гэлена Долеговская з Варшавы ахвяравала сродкі на табернакулюм.

13 сакавіка 2010 года ў парафіі распачаў сваю дзейнасць хор.


Падзеі ў юбілей

Пералічваючы некаторыя падзеі з жыцця парафіі, не трэба забывацца пра самае галоўнае: духоўнае жыццё парафіі, якое не атрымаецца размеркаваць па датах. На працягу дваццаці год у парафіі вялася катэхізацыя, адпраўляліся святыя Імшы, набажэнствы, удзяляўся Сакрамэнт Пакаяння. Для ілюстрацыі: у 2013 годзе было ахрышчана 250 дзяцей, 130 чалавек прыняло Сакрамэнт Канфірмацыі, 125 пар было абвянчана. Першую Камунію атрымалі 180 чалавек. У парафіі існуюць малітоўна-фармацыйныя групы, дзейнічае тэатр дзяцей і моладзі імя св. Яна Паўла ІІ, а таксама гурт.

Як паведамляе парафіяльны сайт парафіі, у Імшы на 20-гадовы юбілей парафіі актыўны ўдзел прымала літургічная служба алтара, скаўты. Пад кіраўніцтвам Вольгі Маркевіч спяваў хор «Vox Domini» і гурт дзяцей і моладзі «Liberamente», якім кіравала Наталля Лойка.

Пасля Імшы ў тэатральнай зале ў дольным касцёле выступіла Вераніка Паплаўская, якая з дапамогай мастацтва малявання пяском паказала некаторыя моманты з 20-ці гадовай гісторыі парафіі.

Апрацавалі (AYU), (JLS)

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.