Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Верны настаўнік і сведка веры»: 100-годдзе нараджэння ксяндза прэлата Пятра Барташэвіча адзначылі ў Жалудку (+фота)
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
30.08.2014 14:57

30 жніўня 2014 г. у касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Жалудку (Гродзенская дыяцэзія) адбыліся адмысловыя ўрачыстасці з нагоды 100-годдзя нараджэння кс. прэлата Пятра Барташэвіча, шматгадовага пробашча гэтай парафіі. Яго выхаванцамі з’яўляюцца Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і кс. прэлат Антоні Ханько – канцлер Гродзенскай курыі і пробашч парафіі Адшукання Святога Крыжа ў Гродне.

Святую Імшу ўзначаліў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, яе канцэлебравалі дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, кс. прэлат Антоні Ханько, кс. прэлат Эдмунд Даўгіловіч - пробашч парафіі Св. Юзафа ў Маладзечне, кс. прэлат Вінцэнтый Лісоўскі - пробашч парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Лідзе, пробашч парафіі Св. Сымона і св. Алены ў Мінску кс. Уладзіслаў Завальнюк і іншыя святары, асабліва тыя, хто добра ведаў кс. Пятра Барташэвіча. У Імшы прынялі ўдзел шматлікія вернікі парафіі ў Жалудку і госці, у тым ліку свецкія выхаванцы і міністранты кс. Пятра Барташэвіча.

У гаміліі Мітрапаліт прыгадаў сабраным служэнне кс. Пятра Барташэвіча ў Адэльску і Жалудку. Як адзначыў іерарх, пасля доўгага перыяду адсутнасці святара ў парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Адэльску ў 1955 г. з’явіўся даволі малады і вельмі энергічны душпастыр - Пётр Барташэвіч, які толькі што вярнуўся з сібірскага лагеру. Вернікі адразу заўважылі неардынарнасць гэтага чалавека, якога Бог адарыў многімі дарамі. Ён, як магніт, прыцягваў да сябе людзей, асабліва моладзь, што ў тыя часы магло прывесці да непажаданых наступстваў. І тут, па словах арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, вельмі важны ўрок атрымала моладзь, асабліва міністранты. Святар вучыў, што неабходна быць добрым і паслухмяным вучнем, але ў той жа час нельга адракацца ад сваёй веры; калі ў будні дзень прыпадае свята, то яго неабходна святкаваць, пайсці ў школу, а пасля яе - у касцёл. У гэтым сэнсе, дадаў Мітрапаліт, кс. Пётр Барташэвіч быў вельмі прынцыповым, і гэтая прынцыповасць перадалася яго вучням.

Ксёндз Пётр Барташэвіч, як адзначыў арцыбіскуп, вучыў праўдам веры і адначасова вельмі шмат увагі прысвячаў агульнахрысціянскай і чалавечай фармацыі. “Ён правяраў нашы дзённікі, цікавіўся, як мы вучымся ў школе, дапамагаў у выкананні хатніх заданняў, гуляў з намі ў футбол, – распавёў іерарх. – Словам, быў вельмі адкрытым чалавекам, з якім усе хацелі паразмаўляць. Да яго ішлі людзі не толькі за духоўнай парадай, але проста каб параіцца ў жыццёвых справах. Яго аўтарытэт быў бясспрэчны і вельмі вялікі. Калі ксёндз Пётр сказаў, то гэта прымалася безварункова. Таму ягоны ўплыў на людзей і асабліва на моладзь быў вельмі вялікім”.

Гэта, узгадаў Мітрапаліт, не спадабалася ўладам, якія пастанавілі перавесці святара ў іншую парафію. Тады былі вельмі цяжкія часы для адэльскай парафіі, цяжка было і кс. Пятру, але ён знайшоў выйсце і сказаў: “Выеду пры ўмове, што на маё месца прыедзе іншы святар”. У той час у Парэччы знаходзіўся інтэрнаваны кс. Фелікс Сарока, і ўлады згадзіліся. Такім чынам вакантная парафія ў Жалудку атрымала пробашча - кс. Пятра Барташэвіча, а Адэльск не застаўся без духоўнай апекі, бо пробашчам быў прызначаны кс. Фелікс Сарока.

У Жалудку, як расказаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, распачаўся новы этап служэння кс. Пятра. Як і ў Адэльску, да яго пацягнуліся людзі і моладзь. “Але старыя сябры таксама часта наведвалі яго. Асабіста я, тады ўжо студэнт Ленінградскага палітэхнічнага інстытута, канікулы праводзіў там, - распавёў іерарх. - Жалудок стаўся месцам, куды ехалі свецкія, святары і кансэкраваныя асобы. Кожны дзень распачынаўся супольнай малітвай. На працягу дня адбывалася шмат духоўных размоваў. Як вынік такой актыўнасці, малады жалудоцкі парафіянін Антоні Ханько адкрыў у сабе пакліканне да святарства. Я таксама ўдзячны кс. Пятру Барташэвічу за тое, што і мне дапамог на шляху да святарства. Плябанія ў Жалудку стала месцам духоўнай фармацыі многіх духоўных і свецкіх людзей”.

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч прызнаўся, што ў кс. Пятру Барташэвічу ўбачыў тып новага, адкрытага на свет і іншыя веравызнанні святара, які як быццам папярэдзіў вучэнне Другога Ватыканскага Сабору. Для сённяшняга Мітрапаліта, па яго словах, гэта была вялікая школа талерантнасці, і тым самым кс. Пётр падрыхтаваў яго да святарскай і біскупскай працы ў складаных умовах полірэлігійнасці.

Арцыпастыр падкрэсліў, што Касцёл у Беларусі сёння дзякуе Богу за дар кс. Пятра Барташэвіча, які стаўся правідэнцыйным у тыя цяжкія часы. “Такія людзі, як кс. Пётр Барташэвіч, кардынал Казімір Свёнтэк, кс. прэлат Станіслаў Кучынскі, першы рэктар Гродзенскай духоўнай семінарыі, якія ў гэтым годзе адзначаюць 100-годдзе нараджэння, і многія іншыя не толькі дапамаглі людзям захаваць веру, але і заклалі фундамент пад адраджэнне Касцёла ў нашай краіне”, - заўважыў іерарх.

Таксама арцыбіскуп сказаў, што святкаванне 100-гадовага юбілею кс. Пятра павінна ўспрымацца як пастырская акцыя паклікання да святарства. “Ксёндз Пётр у цяжкія часы пераследу веры паказаў, што можа зрабіць святар і наколькі важная яго роля ў духоўным жыцці чалавека, - адзначыў Мітрапаліт. – Сёння, у новых умовах свабоды веравызнання і адначасова крызісу веры, неабходны новыя святары, каб духоўна фармаваць новага чалавека па меры выклікаў часу”.

Гамілію арцыпастыр завяршыў просьбай да міласэрнага Бога, каб прыняў у сваё Валадарства кс. Пятра Барташэвіча, якога паклікаў да сябе ў 1991 г., каб “мы мелі новага нябеснага заступніка, які б маліўся за нас і благаславіў нас з акна нашага нябеснага Айца”.

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.