Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Трэба прыходзіць да Марыі»: адпустовая ўрачыстасць ў Геранёнах
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
27.08.2014 13:51
26 жніўня ва ўспамін Найсвяцейшай Панны Марыі Чэнстахоўскай адбыўся адпуст у парафіі Святога Мікалая ў Геранёнах. У гэтай парафіі вернікі ўжо шмат гадоў збіраюцца ля абраза Маці Божай, каб выказаць Ёй свае падзякі і просьбы.
Пробашч парафіі кс. Дмітрый Несцер у прывітальным слове адзначыў, што сёлетні адпуст з’яўляецца выключным, бо звязаны з парафіяльнымі дажынкамі. Вернікі падрыхтавалі вянок, зроблены з пладоў cёлетніх палёў, якім сімвалічна жадалі выказаць удзячнасць Богу за ўраджай гэтага года і прасілі Бога праз заступніцтва Яго Маці, каб ў кожным доме не было недастачы ў хлебе, каб кожны мог падысці да стала і адрэзаць сабе столькі, колькі пажадае.

Урачыстую святую Імшу ўзначаліў а. Анатоль Ярошка OFMCap. «Трэба прыходзіць да Марыі», — падчас гаміліі гэта вельмі моцна падкрэсліў а. Віталій Бандаронак OFMCap. Святар адзначыў, што да Маці Божай трэба прыходзіць не толькі ў пешых пілігрымках раз на нейкі час, але штодзённа ў сваіх малітвах.

У адпустовую ўрачыстасць вернікі жадалі падзякаваць Маці Божай за ласкі, якія штодзённа спасылае, просячы аб іх у свайго Сына, і за благаслаўленне ва ўраджаі гэтага года. Падчас літургіі асаблівым чынам маліліся за ўсіх, хто працуе на зямлі і дзякуючы каму хлеб знаходзіцца на стале ў нашым доме.

Абраз Маці Божай Чэнстахоўскай знаходзіцца ў бакавым алтары геранёнскага касцёла і ўшаноўваецца на гэтых землях ужо шмат гадоў.

Анастасія Мішкура
Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.