Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
ХХІІ пешая пілігрымка «Беласток-Гродна-Вільнюс» завяршыла свой шлях да Вострай Брамы
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
27.08.2014 13:11

24 жніўня ў вільнюскі санктуарый Маці Божай Вострабрамскай прыбылі пілігрымы ХХІІ Экуменічнай Пешай пілігрымцы «Беласток-Гродна-Вільнюс». Сярод удзельнікаў — каля 400 пілігрымаў з Беларусі, Польшчы і Літвы, якія пераадолелі шлях у 300 км. У пілігрымцы прымаў удзел дапаможны біскуп Беластоцкай архідыяцэзіі Генрык Цярэшка.

Пілігрымка распачалася ў Беластоку (Польшча). Чатыры дні шляху праходзілі праз Беларусь. У Гродне да пілігрымкі далучылася каля 70 чалавек з розных куткоў Беларусі. Далей шлях пралягаў праз Літву. Пілігрымка, якая аб’ядноўвала людзей розных нацыянальнасцяў і розных рэлігійных вызнанняў, сведчыць пра тое, што ўсе падчас вандроўкі з’яўляліся адной сям’ёй Божых дзяцей. Падчас няблізкай дарогі пілігрымы маліліся за касцёл у сваіх краінах — Беларусі, Літве і Польшчы.

Экуменічная пешая пілігрымка «Беласток-Гродна-Вільнюс» доўжылася дзевяць дзён. Два дні пілігрымкі праходзілі праз Польшчу, чатыры дні вернікі ішлі праз Беларусь і тры – праз Літву. Самы кароткі дзень пілігрымкі складаў 21 км і ахопліваў трасу з Кузніцы Беластоцкай да Гродна, самы доўгі – 44 км – праходзіў па Беларусі, з Новага Двара да Радуні. Па традыцыі мінулых гадоў удзельнікі наведалі усе касцёлы і цэрквы, якія знаходзіліся на іх шляху. У шляху да Маці Божай Вострабрамскай прымалі ўдзел таксама ўраджэнцы ЗША і Даніі, якія ішлі разам з беластоцкімі пілігрымамі.

Завяршылася пілігрымка 25 жніўня святой Імшою ў віленскай архікатэдры.

Кс. Юрый Марціновіч


Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.