Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Імша Хрызма ў Гродне: "Няхай людскія абмежаванні і слабасці святароў не засланяюць звышнатурнальную прыгажосць святарства"
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
17.04.2014 16:21

17 красавіка, у Вялікі чацвер, у катэдральным касцёле ў Гродне адбылася ўрачыстая Імша Хрызма, якая з’яўляецца адзінай Імшой такога роду на працягу ўсяго літургічнага года.

rАдзінства Касцёла


Імша Хрызма паказвае еднасць усяго Касцёла, які ў гэты дзень збіраецца вакол свайго пастыра. Да ўдзелу ў ёй запрошаныя асабліва прэзбітэры, непасрэдныя супрацоўнікі біскупа ў дыяцэзіі. Гэта яны перадусім павінны ўзмацняцца, каб, абапіраючыся на моц, якая ідзе ад самога Хрыста, маглі ўмацняць і суцяшаць тых, хто даручаны іх пастырскай апецы.

У гэты дзень пры алтары ў катэдральным касцёле ў Гродне сабраліся святары разам са сваім ардынарыем біскупам Гродзенскім Аляксандрам Кашкевічам, а таксама дапаможным біскупам Гродзенскай дыяцэзіі Юзафам Станеўскім.

Гродзенская катэдра была запоўнена вернікамі, якія прыйшлі на Імшу, каб падзякаваць Богу за дар святарства сваіх душпастыраў і памаліцца аб святасці жыцця для іх. Вернікі, якія спрычыняюцца да агульнага святарства Хрыста праз хрост, сваёй малітвай атачаюць тых, хто быў выбраны для таго, каб рабіць святарства Хрыста бачным знакам прысутнасці Бога сярод свайго народа.

Святарства жыццём


Імшу ўзначаліў біскуп Аляксандр Кашкевіч, які звярнуўся да прысутных з гаміліяй. У гаміліі біскуп нагадаў сабраным пра значэнне гэтага дня, які павінен быць вельмі важным для кожнага святара. У гэты дзень, як нагадаў іерарх, кожны святар павінен вярнуцца да вытокаў свайго святарства.

«У святле веры святарства з’яўляецца прафесіяй або ведамствам, не з’яўляецца дарогай жыцця, якую чалавек выбірае сабе сам. Яно з’яўляецца адказам на заклік Хрыста, які кліча тых, хто сам хоча, і дазваляе ім удзельнічаць у сваім адзіным і вечным святарстве»,  — зазначыў біскуп.

«Як святары, мы ўдзельнічаем у Хрыстовым пасланніцтве, для гэтага можам і маем права сказаць пра сябе: “Пан намасціў мяне і паслаў”. Свядомасць быцця намашчанымі Святым Духам і пасланымі, каб працягваць справу Хрыста, з’яўляецца сутнасцю нашай святарскай ідэнтычнасці і служэння, якое мы спаўняем. Таму мы не хочам і не можам дапусціць, каб святарства перастала быць найважнейшай часткай нашага жыцця. Святарства не можа быць толькі дадаткам, але быць адным з элементаў нашай ідэнтычнасці. Святарства – гэта наша жыццё. Гэта дар, які трэба пераймаць і адкрываць наноў кожны дзень, захоўваць і пілігрымаваць, каб ён узрастаў і прыносіў багаты плён», — сказаў гродзенскі ардынарый.

Як дадаў іерарх, кожны святар нясе адказнасць за вернікаў, да якіх быў пасланы, для таго, каб «не толькі іх вучыць, абвяшчаючы ім Евангелле, катэхізаваць і заахвочваць да захавання Божых запаветаў, але каб перадусім быць для іх узорам, даваць асабістае сведчанне веры і любові да Хрыста і Яго Касцёла».

Біскуп Кашкевіч заахвоціў гродзенскі прэзбітэрыум да «пасвячэння сябе братам», каб усе свае сілы і час прысвячалі сваім вернікам, бо інакш не атрымаецца рэалізаваць святарства Хрыста.

Звяртаючыся да вернікаў, прысутных у касцёле, біскуп заахвоціў іх да малітвы ў інтэнцыі святароў і новых пакліканняў. «Няхай людскія абмежаванні і слабасці святароў не засланяюць звышнатуральную прыгажосць святарства, якою іх адарыў Хрыстус», — дадаў іерарх.

Біскуп Кашкевіч ў гэты дзень таксама выказаў падзяку святарам за душпастырскую паслугу, за ахвярную працу і клопат, якім яны атачаюць верны люд.

Аднаўленне любові


У гэты дзень святары аднавілі свае святарскія абяцанні, просячы ў Бога трываласці для далейшыя гады служэння і моцы духу ў рэалізацыі заданняў, якія ставіць перад імі Хрыстус. Таксама былі пасвячаны святыя алеі (алей хворых, алей катэхуменаў і алей хрызма), якія будуць неабходныя для ўдзялення сакрамэнтаў.

Напрыканцы дапаможны біскуп Юзаф Станеўскі ад імя ўсяго прэзбітэрыума дыяцэзіі павіншаваў біскупа Аляксандра Кашкевіча з гэтым днём святарства, запэўніўшы, што святары памятаюць у малітве аб сваім ардынарыі.

Кс. Юрый Марціновіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.