Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Дэканальны Крыжовы шлях прайшоў у Іўі
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
17.04.2014 14:07

16 красавіка ў Іўі ўпершыню адбыўся дэканальны Крыжовы шлях. Набажэнства сабрала больш за тысячу ўдзельнікаў з усіх парафій Іўеўскага дэканату.

Крыжовы шлях у Іўі праводзіўся і раней, але да гэтага часу ён меў парафіяльны характар.

Разам са сваімі душпастырамі вернікі дэканату прайшлі па вуліцах шляхам Мукі Збаўцы, сведчачы аб любові да Божага Сына і рыхтуючыся праз малітву да ўваходу ў час Святога Пасхальнага Трыдууму. Удзельнікі набажэнства маліліся таксама аб міры ва Украіне.

Разважанні Крыжовага шляху давалі вернікам магчымасць усвядоміць, што гэтае набажэнства з’яўляецца не толькі ўспамінам падзей, якія адбыліся дзве тысячы гадоў таму; што гэта не павінна быць толькі аплакванне Езуса Хрыста і ўзрушэнне цяжарам Яго цярпенняў. Удзельнікам прапаноўвалася зірнуць у час набажэнства на сваё жыццё як на крыжовы шлях, параўнаць сваю рэакцыю на цярпенне да стаўлення Хрыста. З гэтай мэтай пры кожнай стацыі падчас разважанняў над таямніцай Мукі Пана, удзельнікаў заахвочвалі да пастаяннага разважання над сваім жыццём.

“Мы таксама неаднаразова асуджаем Езуса на смерць. Яго Крыжовы шлях пачынаецца нанова, калі мы ўчыняем грэх”, - так гучалі некаторыя з разважанняў.

Удзельнікі набажэнства заахвочваліся да таго, каб вярнуцца дадому з пасланнем, што кожны дзень трэба браць свой крыж на плечы, як паказвае Езус, быць адказным за свае паводзіны, за прыняцце рашэнняў і кіравацца ў жыцці навучаннем, якое абвяшчаў Хрыстус.

(JM)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.