Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Архімандрыт Сяргей Гаек: «У Будславе мы нясём знак радасці і духоўнай перамогі»
Грэка-Каталіцкая Царква
30.06.2016 13:56

Пра ўдзел грэка-католікаў ва ўрачыстасцях Маці Божай Будслаўскай і вяртанне рэліквіі святога Язафата Кунцэвіча ў Беларусь распавёў рэдакцыі Catholic.by Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.

— Чым для беларускіх грэка-католікаў і Вас асабіста з'яўляецца ўрачыстасць Маці Божай Будслаўскай?

— Для нас, беларускіх грэка-католікаў, штогадовае свята ў Будславе — гэта ўшанаванне абраза Багародзіцы, які быў перададзены мінскаму ваяводу Папам Кліментам VIII, тым самым Папам Рымскім, у час пантыфікату якога была падпісаная царкоўная Берасцейская унія ў 1596 г.

Сёлета спаўняецца 420 гадоў з той духоўнай падзеі. Гэта дадатковая нагода для ўдзячнасці Богу і Багародзіцы.

У гэтым годзе, зразумела, мы цешымся разам з братамі рыма-католікамі з нагоды аднаўлення царкоўных рыма-каталіцкіх структур і заснавання 25 гадоў таму Мінска-Магілёўскай мітраполіі. Асабліва віншуем са святам высокадастойнага Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча.

— Якія мерапрыемствы беларускія грэка-католікі праводзяць у Будславе ў 2016 годзе?

— На свята ў Будславе, ужо традыцыйна, прыбываюць шматлікія грэка-католікі з усёй Беларусі. Частка з іх прыходзіць у пешых пілігрымках разам з рыма-католікамі.

Грэка-католікі ўключаюцца ў агульную праграму святкаванняў у Будславе. Паводле той жа праграмы ў пятніцу вечарам мы спяваем старажытны гімн — Акафіст для ўшанавання Багародзіцы. У святкаваннях у Будславе ўдзельнічаюць і праваслаўныя вернікі. Маліцца разам з імі словамі Акафіста — для нас асаблівая духоўная радасць.

Традыцыйна ўначы — у 02.00 у суботу — служым Боскую Літургію візантыйскага абраду. Ва ўрачыстай працэсіі побач з рыма-католікамі мы нясём грэка-каталіцкія іконы і харугвы — знак радасці і духоўнай перамогі.


— Спецыяльны пасланнік Папы Францішка арцыбіскуп Вены кардынал Крыстаф Шонбарн перадасць у Будславе беларускім грэка-католікам рэліквію святога Язафата Кунцэвіча. Распавядзіце, калі ласка, пра гэтую рэліквію і яе важнасць для Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы.

— Удзел кардынала Крыстафа Шонбарна ў святкаваннях у гэтым годзе — для нас асаблівая радасць. Кардынал Шонбарн з'яўляецца ардынарыем для ўсіх усходніх католікаў у Аўстрыі і ведае пра жыццё нашай Царквы. Пад яго амафорам праз пэўны час быў душпастырам беларускіх грэка-католікаў у Вене а. Андрэй Абламейка.

Тады паўстала думка, каб частку архіерэйскай вопраткі святамучаніка Язафата перадаць нашай Царкве ў Беларусі, дзе служыў святы Язафат. Сёлета спаўняецца 100 гадоў з таго часу, як мошчы святамучаніка Язафата былі перанесены з г. Бяла Падляска (на Падляшшы ў Польшчы) у храм св. Барбары ў Вене. Яны спачывалі там да 25 лістапада 1963 г.

Тады, у час Другога Ватыканскага Сабору, пры ўдзеле беларускага грэка-каталіцкага епіскапа Чэслава Сіповіча мошчы св. Язафата былі перанесены ў Рым, у базыліку св. Пятра.

Атрымаць каштоўную рэліквію, набедранік — знак архіпастырскага служэння св. Язафата — для нас духоўнае ўмацаванне ў нашай веры і вернасці Рымскаму Апостальскаму Пасаду, заахвочванне да руплівага сведчання Евангелля.

Праграма Беларускага тэлебачання «Існасць» распавядае пра гісторыю і сучаснасць Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы

Размаўляў Аляксандр Гелагаеў

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Грэка-Каталіцкая Царква

21.04 11:53Былы душпастыр грэка-католікаў у Беларусі прызначаны біскупам епархіі ў Чыкага
19.04 11:47Рэпартаж з адной літургіі: як сустрэлі Вялікдзень грэка-католікі Віцебска
14.04 17:33Расклад грэка-каталіцкіх пасхальных службаў у Мінску
27.03 13:28Беларускія грэка-католікі заклікаюць да салідарнай малітвы за Беларусь
27.02 17:33Расклад службаў у грэка-каталіцкіх парафіях Мінска на Вялікі пост
07.02 12:06Беларускія грэка-католікі ўзгадваюць мітрапаліта Язэпа Вельяміна Руцкага
17.12 16:02Мітрапаліт Кандрусевіч павіншаваў грэка-католікаў у Лондане з асвячэннем новапабудаванай царквы
13.12 12:58Архімандрыт Сяргей Гаек прыняў удзел у пахавальным набажэнстве протапрэзбітэра Віктара Данілава ў Маскве
07.12 17:47Адышоў у вечнасць грэка-каталіцкі святар Віктар Данілаў
05.12 16:11Грэка-католікі Беларусі завяршылі Год памяці Брэсцкай уніі