Свята для дзяцей з прытулку зладзілі ў грэка-каталіцкім цэнтры ў Мінску | Друк |
Грэка-Каталіцкая Царква
22.10.2014 11:15

18 кастрычніка у грэка-каталіцкім Душпастырскім цэнтры Праведнага Язэпа ў Мінску адбылася незвычайная акцыя пад назвай «Чытаць — гэта смачна». Удзельнікамі свята сталі дзеці з Сацыяльна-педагагічнага цэнтра з прытулкам Ленінскага раёна г. Мінска.

Ідэя такой акцыі з’явілася значна раней. Падчас адведзінаў прытулку адна з валанцёрак і, дарэчы, галоўны арганізатар свята Алена Емельян заўважыла, што дзеці не любяць чытаць кніжкі, а некаторыя нават дрэнна ведаюць літары. Беларускую ж мову не ведаў практычна ніхто. Таму галоўным элементам свята стала беларуская мова і беларускія літары: з імі былі звязаны ўсе гульні і забавы, і нават печыва, якое дзеці самі спяклі падчас свята, таксама было ў выглядзе літар.

Адзінае, што выклікала слёзы ўдзельнікаў, — гэта малітва дзяцей у капліцы Душпастырскага цэнтра. Падчас малітвы дзеці маглі папрасіць у Бога ўсё, што захочуць, — і яны ўсе прасілі здароўя для мамы.

Паводле svjazep.org
 
© 2003-2024 Catholic.by