Семінар для валанцёраў прайшоў у цэнтры «Карытас» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі | Друк |
Дабрачыннасць
27.11.2015 16:14

Семінар праходзіў для дзвюх груп валанцёраў, якія былі запрошаны з розных парафіяльных філіялаў «Карытас» з усёй Беларусі. Дакладчыкамі на семінары былі прадстаўнікі «Мальтыйскай службы дапамогі».

Мэтай семінарy было навучанне асновам валанцёрства на вопыце працы «Мальтыйскай службы дапамогі» з Германіі. У ходзе семінара былі закрануты такія тэмы, як:

1. Паняцце «валанцёр». Сацыяльныя асновы валанцёрскай дзейнасці. Цяжар або асалода. Пошук валанцёраў, супрацоўніцтва са штатнымі работнікамі, праблемы і іх вырашэнне.
2. Праца з пажылымі, адзінокімі і ляжачымі людзьмі дома пры дапамозе сваякоў і суседзяў.
3. Аказанне першай дапамогі ў паўсядзённым жыцці і ў экстраных сітуацыях.
4. Задачы і магчымасці для валанцёраў у працы з дзецьмі і падлеткамі.

На семінары вялікі акцэнт быў зроблены менавіта на практычную частку. Валанцёры вучыліся аказваць першую медыцынскую дапамогу, дапамагаць ляжачым хворым, а таксама практыкаваліся ў розных формах творчых заняткаў з дзецьмі.



Водгукі ўдзельнікаў семінару:

Вольга Вушак: «Семінар вельмі спадабаўся атмасферай. Таксама хачу адзначыць важнасць практычных заняткаў».

Лілія Вожуй: «Усе было даступна для разумення. Выдатныя дакладчыкі і выдатная арганізацыя ўсяго семінару».

Марыя Арцем'ева: «Спадабалася атмасфера семінару. Усе ўдзельнікі і дакладчыкі былі адкрыты для зносін і абмену вопытам. Было шмат практыкі і патрэбнай інфармацыі».

Таццяна Бекішава: «Арганізаваны семінар на высокім узроўні. Навучанне прайшло даступна і весела. Нямецкія дакладчыкі паказалі свой высокі прафесіяналізм. Атрыманая на семінары інфармацыя спатрэбіцца мне ў валанцёрскай працы».



Паводле www.caritas-minsk.by

(AG)

Фота www.caritas-minsk.by

 
© 2003-2024 Catholic.by