Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Вялікі чацвер. Разважанні святара
Каляндар
21.04.2011 17:29

Вялікі чацвер — гэта свята Эўхарыстыі. Перш за ўсё, свята тых, хто ў ёй удзельнічае, для каго яна займае важнае месца ў жыцці. Наша свята. На Пасхальных святах ляжыць цяжар цыклічнасці, з якім не кожны можа справіцца. Кожны год — паўтарэнне таго, што мы добра ведаем, шмат разоў перажылі і пазналі. Гэта настолькі ж складана, наколькі і небяспечна. Самыя жыццевызначальныя рэчы такім чынам можна ператварыць у банальнасць. Каб гэта ніколі не адбылося, трэба весці з сабой дыялог, задаваць сабе пытанні і адказваць на іх. Шчыра.

Варта запытаць сябе: калі Эўхарыстыя — гэта абмыццё ног і новая запаведзь (не толькі, але таксама), ці я перажываю яе па-сапраўднаму? Ці не здаецца мне часам, што Эўхарыстыя з’яўляецца маім «самым узнёслым творам», маім самым высакародным і найбольш падрыхтаваным жэстам пашаны Бога, у якім я падсумоўваю ўвесь мой тыдзень, у якім я даю Богу ўсё самае лепшае, што ёсць ува мне? Усё гэта важна, але калі св. Імша з’яўляецца абмыццём ног і новай запаведдзю, то гэта перш за ўсё жэст Хрыста адносна мяне, а толькі потым мой жэст. Больш таго, калі гэта сапраўды так, то Эўхарыстыя не патрабуе ад мяне таго, што найлепшае ўва мне, наадварот, яна была дадзена мне, каб з тым, што ўва мне найгоршае, справіцца.

Часта здаецца, што таямніца Эўхарыстыі патрабуе ад мяне асаблівай увагі, асаблівай веры, асаблівых намаганняў. На самой жа справе, Эўхарыстыя з’яўляецца перш за ўсё асаблівым «намаганнем» Пана Бога адносна мяне. Гэта не я ратую праз яе Яго ўва мне і ў свеце, але гэта Ён ратуе мяне. Часта Эўхарыстыя здаецца для маёй веры цяжкай, тым, што мне найцяжэй зразумець. А можа, на самой справе зусім наадварот: Эўхарыстыя — гэта самы адважны з фундаментаў маёй веры, знак таго, што гэта не я адважваюся верыць, але што гэта яна прыходзіць да мяне, кладзе аснову, будуе дом — малітву. Магчыма, самае важнае маё заданне падчас Эўхарыстыі засноўваецца не на спробе штосьці асягнуць і знаходзіцца ў нейкім напружанні, але ў адданні ініцыятывы Хрысту — дазволіць Яму весці сябе, дазволіць Яму служыць. Заслухацца Богам, заглядзецца на Яго, убачыць у Ім пачатак усяго — гэта сапраўдная Эўхарыстыя або падзяка.

І яшчэ адно: Эўхарыстыя — гэта новая запаведзь. Кожны раз, калі я бачу, што Бог дае мне жыццё да такой ступені, што сам памірае, павінен бачыць у гэтым запрашэнне да таго ж — памерці самому і служыць іншым. «Любіце адзін аднаго, як Я палюбіў вас», — гэта самыя важныя словы Апошняй Вячэры. Я, знаходзячыся на Апошняй Вячэры, не буду на ёй на самой справе, калі кожны дзень не буду казаць сваім братам: «Гэта ёсць цела маё ... гэта ёсць кроў мая ... маё жыццё для вас». Я не зразумею Яго дару, калі сам кожны дзень не пачну даваць. Але спачатку я павінен дазволіць, каб Ён даў мне ўсё...

Разважанні кс. Кшыштафа Мадэя SJ,
паводле Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.