Сімвалы Божага Нараджэння: сена | Друк |
Рознае
17.12.2015 02:54

«Прынясі муражку духмянага», — казала жонка мужу або сыну, выпраўляючы за сенам, перад тым, як заслаць абрус на стале для вігілійнай вячэры.

Нездарма і Якуб Колас прыгадваў не пра якое-небудзь сена, але пра муражок. Лічылася, што мурожнае сена было найлепшым, і яго з найбольш ахвотай ела хатняя скаціна. Зразумела, што і на вігілійны стол клалі таксама найлепшае:


«Ну, засцілайце стол, мужчыны!
І стол той гуртам прыбіраюць,
Настольнік белы падымаюць,
На стол растрэсваюць мурог —
На сене колісь быў Сын Бог —
І роўным пластам рассцілаюць,
Сянцо абрусам закрываюць».

                          Новая зямля. Якуб Колас

Сена са старажытных часоў для хрысціян было сімвалам убогасці месца, дзе нарадзіўся Езус. У вігілійныя хвіліны ўсе члены сям'і збіраюцца ля стала, як ля ясляў, якія якраз дапамагае ўявіць разасланае пад абрусам духмянае сена.

Вобраз сена - гэта вобраз не проста ўбогасці, гэта вобраз простасці Бога. Вобраз таго, якім павінна быць чалавечае сэрца, якое б здолела, як сена, прыняць Хрыста, як кажа святы Ян Павел ІІ без пыхі і велічы, але са шчырасцю і адкрытасцю на Збаўцу:


Абагаўляю цябе, духмянае сена, бо не знаходжу ў табе
пыхі спелага калосся.
Абагаўляю цябе, духмянае сена, бо ты прытуліла
Дзіця босае.

              Караль Вайтыла

Духмянае сена з тонкімі асачынкамі ды цімафееўкай, з абцярушанай канюшынай, зрэдчас зверабоем запраўленае, ці нават крыху са шчавуком... Духмянае сена мурожнае, сярод якога абавязкова адшукаеш засохлыя кветкі, многія з якіх і колер не згубілі. Духмянае сена, на якім бы пабаяўся нарадзіцца самы вялікі ўладар Сусвету, але на якім пажадаў нарадзіцца Той, хто прыйшоў на свет з Любові і для Любові.

Той, хто прыходзіць на свет, каб даваць сябе іншым, дзяліцца апошнім з тым, хто патрабуе, радуецца самаму простаму, чыстаму і малому.

Таму, хто ідзе, каб любіць, і простае сена стане сімвалам багацця і вялікай каштоўнасцю.

Не забудзьцеся пра муражок на сваім вігілійным стале! Не забудзьцеся пра простасць і шчырасць за сталом!

Матэрыялы па тэме:

Аксана Ючкавіч

 

 

 
© 2003-2024 Catholic.by