Святы Айцец прыбыў на Сусветныя дні моладзі | Друк |
Беларусь
28.07.2016 10:10

Папа Францішак распачаў апостальскае падарожжа ў Польшчу, якая ў гэтыя дні прымае ўдзельнікаў XXXI Сусветных дзён моладзі. Сярод тых, хто вітае Папу — тысячы беларусаў.

27 ліпеня ў 16.00 у міжнародным аэрапорце Кракаў-Баліцэ імя Яна Паўла II прызямліўся cамалёт італьянскай авіякампаніі «Alitalia» з Пантыфікам на борце.

На пляцоўцы другога па велічыні аэрапорта Польшчы ў прысутнасці роты ганаровай варты Святога Айца сустрэлі Прэзідэнт Рэспублікі Анджэй Дуда з жонкай, Апостальскі Нунцый арцыбіскуп Чэлесціно Мільёрэ і арцыбіскуп Кракаўскі кардынал Станіслаў Дзівіш.

На цырымоніі прывітання Пантыфіка прысутнічалі таксама прадстаўнікі ўлады Польшчы, рэлігійныя дзеячы краіны, група польскіх вернікаў.

Услед за прывітаннем Папы былі выкананы гімны Апостальскай Сталіцы і Польшчы. Затым адбылося прадстаўленне афіцыйных дэлегацый абедзвюх краін.

Пасля гэтага аўтамабіль з Пантыфікам накіраваўся ў Вавельскі замак для сустрэчы з прадстаўнікамі ўлады, грамадзянскай супольнасці і дыпламатычнага корпуса, а таксама для прыватнай сустрэчы з Прэзідэнтам Польшчы. Вавельскі замак – сімвалічнае для палякаў месца, дзе на працягу пяці стагоддзяў знаходзілася рэзідэнцыя польскіх каралёў.

Папскі візіт у Польшчу будзе працягвацца пяць дзён. За гэты час Пантыфік наведае шэраг знакавых для краіны месцаў, сустрэнецца са шматлікімі пілігрымамі ў рамках Сусветных дзён моладзі, а ў апошні дзень свайго прабывання ўзначаліць святую Імшу на закрыццё хрысціянскага моладзевага форума.

Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё (АлГ)

 
© 2003-2024 Catholic.by