У Ватыкане адкрываецца выстаўка беларускіх абразоў | Друк |
Беларусь
18.05.2016 12:19

18 мая ў музеі Ватыкана адкрываецца выстаўка «Іканапіс Беларусі XVII-XXI стст. з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь». Удзел у адкрыцці выстаўкі прымае і Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Паводле слоў загадчыцы аддзела старажытнабеларускага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі Алены Карпенкі, выстаўка ўключае ў сябе 31 абраз беларускіх іканапісцаў і 2 чаканныя аклады.


Выстаўка абразоў з Беларусі прысвечана Юбілейнаму Году Міласэрнасці ў Каталіцкім Касцёле.

Беларускія абразы выстаўляюцца ў Апостальскай Сталіцы ўпершыню. У Італіі экспазіцыя беларускіх твораў мастацтва з Нацыянальнага музея Беларусі апошні раз праходзіла ў 2004-2005 гг. у галерэях Мілана і Трыеста.
Як адзначае Алена Карпенка, нацыянальныя асаблівасці беларускай іканапіснай школы праяўляюць сябе ў выкарыстанні арнаментальных разных пазалочаных фонаў, у аздабленні ікон масіўнымі рамамі з дэкаратыўнымі накладкамі або роспісам у народным стылі. Беларускія мастакі абагачаюць кананічныя сюжэты апавядальнымі матывамі.

Экпазіцыя іканапісу Беларусі ХVII - пач. XIХ ст. дае ўяўленне пра асаблівасці фарміравання беларускага мастацтва ў складаным узаемадзеянні з культурамі Захаду і Усходу.

Таксама на выстаўцы можна будзе азнаёміцца з творамі сучаснага мінскага іканапісца Андрэя Жарава, які прадстаўляе іканапісную майстэрню Мінскага епархіяльнага ўпраўлення Беларускай Праваслаўнай Царквы.



«Гэты ўнікальны праект, які праходзіць у аб'яўлены ў Беларусі Год культуры, дэманструе непарыўныя духоўныя і эстэтычныя сувязі еўрапейскіх народаў, іх адданасць рэлігійным ідэалам і каштоўнасцям», — гаворыцца ў віншаванні Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, скіраваным да ўдзельнікаў цырымоніі адкрыцця выстаўкі.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што паказ нацыянальнага іканапісу Беларусі ў сценах Ватыкана — знамянальная падзея і важны крок на шляху асэнсавання вельмі каштоўнай спадчыны беларускай культуры, неад’емнай часткай якой з'яўляецца хрысціянскае мастацтва.

Выстаўка будзе працаваць да 25 ліпеня ўключна.

(IL) паводле паведамленняў БЕЛТА

 
© 2003-2024 Catholic.by