Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Сімпозіум, прысвечаны 50-годдзю заканчэння Другога Ватыканскага Сабору, прайшоў у Мінску
Беларусь
29.11.2015 12:44

«Вялікім катэхізісам новага часу», «дарам Святога Духа», які «пачаў новую старонку гісторыі Касцёла ў свеце», лічаць Другі Ватыканскі Сабор рэлігійныя дзеячы, меркаванні якіх на сімпозіуме ў Мінску агучыў у сваім дакладзе Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.

У зале дольнага касцёла свв. Сымона і Алены на сімпозіум, прысвечаны 50-годдзю заканчэння Другога Ватыканскага Сабору, прыйшлі студэнты і выпускнікі Катэхетычнага каледжа імя св. Яна Хрысціцеля, а таксама ўсе зацікаўленыя.

Першы даклад зачытаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, спачатку падзяліўшыся ў ім асабістымі ўспамінамі адносна Другога Ватыканскага Сабору.


Якраз у той час, калі скончыўся Сабор, будучы арцыбіскуп, а на той момант студэнт Ленінградскага палітэхнікума, у касцёле Маці Божай Лурдскай з вуснаў праваслаўнага Мітрапаліта ўпершыню пачуў, што такі Сабор адбыўся. Гэтым праваслаўным іерархам быў вялікі прыхільнік хрысціянства і сябар Каталіцкага Касцёла Мітрапаліт Ленінградскі і Ладажскі Нікадзім.

Таксама арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч дадаў, што тэма Сабору суправаджала яго падчас вучобы і напісання навуковых прац ужо ў часы святарскага станаўлення.

Падчас сімпозіума Мітрапаліт падкрэсліў у дакладзе, што багацце вучэння Сабору патрабуе даследванняў і сёння:

"Пасля паўстагоддзя ад яго завяршэння нам неабходна вяртацца да яго духу, каб эфектыўна адказваць на выклікі часу і ўспрымаць Касцёл, як сакрамэнт паўсюднага збаўлення"

Мітрапаліт адзначыў, што Другі Ватыканскі Сабор быў адрозны ад іншых, на ім не было прынята дагматаў, ён нікога не экскамунікаваў, але разам з тым паказаў Касцёл па-новаму і паглыбіў яго самапазнанне.

У Саборы ўдзельнічала 3000 біскупаў з усяго свету, сярод якіх быў і беларускі грэка-каталіцкі біскуп Чэслаў Сіповіч. Пра ўдзел гэтага біскупа ў Саборы напрыканцы сімпозіума распавёў а. Яўген Усошын, дэкан Цэнтральна-Заходняга дэканату Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы.


Беларус Чэслаў Сіповіч, які праз усё сваё жыццё і служэнне імкнуўся ўсталяваць дыялог паміж уніятамі, рыма-католікамі і праваслаўнымі, на Саборы займаўся падрыхтоўкай Дэкрэтаў пра Усходнія Каталіцкія Касцёлы і пра аднаўленне манаскага жыцця.

Даклад на тэму «Сродкі масавай камунікацыі ў абвяшчэнні Евангелля ў святле дэкрэту Inter mirifica» прадставіў кс. ліц. Ігар Лашук.

Як адзначыў святар, ужо тады айцы Сабору заўважылі, што пастырскую працу без СМІ будзе весці немагчыма. Хуткая перадача інфармацыі, у тым ліку і духоўна-асветніцкай, спрыяе хутчэйшаму працэсу пазнання, што ў сваю чаргу садзейнічае хуткаму прагрэсу грамадства.

Значную частку свайго даклада кс. Ігар Лашук прысвяціў тэме «грамадскай думкі», якая ў сучасным разуменні асацыюецца з дэмакратыяй, аказвае ўплыў на грамадскае і прыватнае жыццё грамадзян.


Грамадская думка аб'ядноўвае людзей і між тым праяўляецца ў паводзінах асобных людзей, яна не існуе, бо ўвесь час знаходзіцца на этапе фарміравання.

Таксама кс. Ігар Лашук адзначыў, што адной з мэтаў хрысціянскіх сродкаў масавай камунікацыі з'яўляецца стварэнне хрысціянскага меркавання наконт таго, што адбываецца не толькі ў Касцёле, але і ў свеце ў цэлым. Народ заўсёды павінен мець некалькі меркаванняў наконт падзей, якія адбываюцца з ім самім альбо з іншымі народамі, а абавязак хрысціянскіх СМІ якраз і заключаецца ў тым, каб аператыўна рэагаваць на змены ў жыцці, дапамагаючы ствараць і дапаўняць грамадскую думку хрысціянскім бачаннем і светаўспрыманнем.

"Пакліканне чалавечай асобы да веры і любові ў навучанні Другога Ватыканскага Сабору" — была тэма наступнага даклада, які падрыхтаваў кс. Кірыл Бардонаў.


"Другі Ватыканскі Сабор навучае, што веру мы атрымліваем ад Бога. Яна дазваляе нам імкнуцца да святасці, каб такім чынам дасягнуць мэты чалавечай асобы — самога Бога. Чалавек створаны па вобразе і падабенстве Бога з любові, таму першай і галоўнай запаведдзю з'яўляецца любоў да Бога і бліжняга", — адзначыў кс. Кірыл Бардонаў.


Яшчэ адзін даклад, прысвечаны рэформам у літургіі, прадставіў кс. Юрый Санько.

Канстытуцыю Другога Ватыканскага Сабору — Sacrosanctum Concilium — лічаць адным з найбольш важных дакументаў, якія былі прыняты падчас Сабору. Яна прысвечана літургіі і рэформам у ёй.

У Канстытуцыі вялікае месца і ўвага надзялялася таму, каб літургія ва ўсіх краінах і на ўсіх кантынентах магла праз аднолькавасць правядзення і прытрымліванне пэўных правіл выяўляць найбольш поўна сакрамэнтальную еднасць вернікаў Касцёла.

Таксама кс. Юрый Санько падкрэсліў, што гэты дакумент заахвочваў да шырэйшага выкарыстання нацыянальных моў у літургіі, што б спрыяла больш поўнаму і свядомаму ўдзелу вернікаў ў сакрамэнтах.

Напрыканцы сімпозіума кожны слухач меў магчымасць атрымаць кнігу дакументаў Другога Ватыканскага Сабору на беларускай мове, з дапамогай якой можна больш поўна засяродзіцца на тэме Сабору. Аб вялікай прасторы для вывучэння і даследванняў на пачатку гаварыў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.


На заканчэнне сімпозіума дакладчыкі і слухачы прынялі ўдзел у Эўхарыстыі.

Гамілію падчас Імшы прамовіў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. “Паўстагоддзі таму нiхто на нашай зямлi нават не мог марыць аб тым, каб даведацца аб працах i вучэннi Другога Ватыканскага Сабору. Тады панавала цемра атэістычнага рэжыму. Аднак напрыканцы 80-х - пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя ўсё нечакана змянiлася”, - сказаў іерарх.

“Аднак атрыманая свабода аўтаматычна не чынiць нас шчаслiвымi i чалавек, на жаль, працягвае жыць у цемры граху. Цемра iдэалагiчнага атэiзму завяршылася, але засталася i нават умацавалася цемра практычнага атэiзму. Усё гэта з'яўляецца новым выклiкам для нас, на які ў духу Евангелля і вучэння Касцёла нам неабходна адказаць”, - заўважыў арцыпастыр. 

Аксана Ючкавіч

 

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.