Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
140 гадоў служэння ў Хрыстовым Касцёле адзначаюць сёстры назарэтанкі
Беларусь
29.11.2015 00:02

У Першую нядзелю Адвэнту, 29 лістапада, адзначаецца 140-годдзе ўтварэння Кангрэгацыi Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта (назарэтанкі). Супольнасць была афіцыйна заснавана ў Першую нядзелю Адвэнту 1875 г. у Рыме.

Ля пачаткаў супольнасці стаіць маці Марыя ад Пана Езуса Добрага Пастыра (Францішкa Сядліска), імкненнем якой было жыць па прыкладзе Найсвяцейшай Сям’і праз малітву, працу і цярпенні, ахвяраваныя за святы Касцёл, Папу і сем’і.

Заснавальніца ўглядалася ў прыклад Найсвяцейшай Маці, якая цалкам падзяляла жыццё з Хрыстом, разумела Яго думкі, імкненні і пачуцці, ва ўсім была з Ім разам, не мела нічога свайго, бо жыла жыццём свайго Сына, становячыся таксама ахвяраю любові ў паяднанні з Ім.



Пачаткі кангрэгацыі

У пэўны момант жыцця заснавальніца кангрэгацыі зразумела, што Бог чагосьці жадае ад яе. Яна захацела больш маліцца і тады ўсвядоміла, што існуе патрэба ў стварэнні новай жаночай манаскай супольнасці. Чакаючы бачнага знаку волі Езуса, яна скіравалася ў Рым, каб прадставіць гэтую задуму Бога Святому Айцу, моцна верачы, што, калі атрымае на гэтую справу дазвол і благаслаўленне, гэта будзе для яе выразны знак, што сам Пан хоча гэтага. Калі б Пантыфік не пацвердзіў яе думкі, яна была гатова поўнасцю адмовіцца ад гэтай задумы.

У выніку 1 кастрычніка 1873 г. Папа Пій IX удзяліў на гэта сваё благаслаўленне, што стала пачаткам справы, якой Дух Святы пажадаў у Касцёле. Але пошук духоўнага кшталту новай супольнасці працягваўся яшчэ амаль 10 гадоў.

У рэшце рэшт заснавальніца ўсвядоміла, што ідэалам, які Бог чакае ад яе самой і яе сясцёр у служэнні, стане наследаванне Найсвяцейшай Сям’і.



Такому ладу жыцця маці Марыя вучыла наступных назарэтанак. Калі ў супольнасць прыбывалі новыя кандыдаткі, заснавальніца адкрыла ў 1881 г. дом у Кракаве (першы дом кангрэгацыі з’явіўся ў Рыме). У 1885 г. яна паслала 11 сясцёр (палову супольнасці) у ЗША, дзе была вялікая колькасць польскіх эмігрантаў, якія мелі патрэбу ў прысутнасці і дапамозе манахінь. Таксама яна адкрыла дамы супольнасці ў Парыжы і Лондане і яшчэ некалькі ў Польшчы.

Праца паўплывала на яе здароўе. Ледзь выйшаўшы з сур’ёзнай хваробы, яна зноў пачынала актыўную дзейнасць. Пастаянна падарожнічала, несучы ў кожны дом назарэтанак любоў і мацярынскую параду. Адышла ў вечнасць y свята Ахвяравання Найсвяцейшай Панны Марыі, 21 лістапада 1902 г.



Служэнне сям’і

Марыя ад Пана Езуса Добрага Пастыра была сведкай заняпаду сямейнага жыцця і ўбачыла небяспекі, якія пагражаюць сям’і. Яна хацела, каб яе супольнасць, удзельнічаючы ў розных відах апостальства, клапацілася найперш аб рэлігійным і маральным адраджэнні сям’і і каб клопат аб сям’і быў асаблівым дарам для Касцёла.

У Беларусь (Гродна) сёстры назарэтанкі прыбылі ў 1908 г., у Навагрудак у 1929 г., каб апекавацца касцёлам і заняцца выхаваннем і навучаннем дзяцей. Такім чынам, на нашых тэрыторыях яны знаходзяцца ўжо больш за 100 гадоў, служачы ў многіх парафіяльных супольнасцях, асабліва клапоцячыся аб дзецях, моладзі, а перш за ўсё аб фармацыі сем’яў.

Сваю адданасць сем’ям назарэтанкі пацвердзілі ў часы фашысцкай акупацыі. У 1943 г. у Навагрудку 11 сясцёр склалі Богу ахвяру свайго жыцця, каб замяніць арыштаваных бацькаў сем’яў. Бог прыняў ахвяру манахінь, сёстры былі расстраляны, а арыштаваныя вярнуліся ў сем’і.



Назарэт сёння

Сёння назарэтанкі застаюцца вернымі харызмату, пакінутаму сваёй заснавальніцай, аказваючы духоўную падтрымку сем’ям і несучы ім дапамогу праз выхаваўчую працу ў дзіцячых садках і школах, у дамах самотнай маці, прытулках апекі. Там, дзе яны працуюць, яны стараюцца ўносіць атмасферу Назарэта і на ўзор Святой Сям’і ствараць Дом, у якім пануе Валадарства Божай Любові.

Зараз сёстры назарэтанкi служаць на тэрыторыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Гродзенскай дыяцэзіі. Удзельнічаючы ў Езусавай місіі пашырэння Валадарства Божай Любові, яны ўключаюцца ў розныя формы дзейнасці ў Касцёле, асабліва ў служэнне сям’і.

Кс. Юрый Марціновіч

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.