Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Фестываль «Magnificat»: ТОП-7 фільмаў, прадстаўленых у гэтым годзе
Беларусь
03.09.2015 12:26

Міжнародны каталіцкі фестываль хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм «Magnificat» распачаў другое дзесяцігоддзе існавання.

Увесь гэты час дзякуючы фестывалю беларускія гледачы змаглі ўбачыць вялікую колькасць дакументальных стужак пра духоўныя пошукі чалавека, яго пакручастым шляху да Бога, лёсы духавенства і свецкіх людзей, што нястомна служылі Касцёлу, а таксама пра веру, надзею і любоў у сучасным свеце.

Прадстаўляем выбарку фільмаў, паказаных сёлета ў праграме фестывалю.

ТОП-7 фільмаў, на якія варта звярнуць увагу 

У фільме «Какума. Зямля слёз і надзеі» індыйскага рэжысёра Джыджы Калаваналя SDB распавядаецца пра штодзённае жыццё лагера бежанцаў у Камеруне, якім кіруе ААН. Нягледзячы на ўсе намаганні прадстаўнікоў гэтай арганізацыі, у лагеры існуе шмат праблем, якія вырашыць амаль немагчыма, — незанятасць людзей, адсюль і злачынствы, шматлікія хваробы.

Ці ёсць будучыня ў гэтых людзей, якія ў выніку канфліктаў, справакаваных іншымі, згубіліся ў жыцці? У выніку гэтага найбольш пакутуюць дзеці. «Гэтыя людзі чакаюць не спагады, а сацыяльнай справядлівасці, — гаворыцца ў фільме, — і пакуль у свеце існуе сацыяльная несправядлівасць, ніводзін чалавак не можа жыць у міры з самім сабой». 

Фільм як надзея

Штогод у свеце гіне каля 170 тысяч хрысціян, кожныя тры хвіліны хрысціянін гіне за веру — пра гэта нагадваецца ў фільме «Быць коптам» польскіх рэжысёраў Мацея Грабыса і Міхала Круля, дзе распавядаецца аб пераследзе хрысціян-коптаў у Егіпце пасля 2011 года.

Гінуць людзі і нішчацца касцёлы. Звычайнай з’явай становяцца згвалтаванні дзяўчын-хрысціянак, якіх затым прымушаюць прымаць іслам, ці іх выкраданні. Робіцца ўсё, каб хрысціянства проста знікла з гэтага абшару. Аднак праўда аб трагічным лёсе коптаў у Егіпце замоўчваецца.



Здымкі фільма праводзілася ў 2012-2013 гг. у Егіпце. Але падобны пераслед хрысціян адбываецца ў і некаторых іншых краінах Афрыкі і Усходу. І праўда тут няўмольная: у мясцінах, дзе калісьці распаўсюджвалася хрысціянства на пачатку яго існавання, існе пагроза, што праз некоторы час памяць аб ім увогуле будзе сцёрта.

Праблеме існавання беспрытульных людзей прысвечаны фільм «Госці» беларускага рэжысёра Андрэя Куцілы. Аляксей Шчадроў калісьці быў фельчарам, бывала, што брыгада забірала па выкліках беспрытульных людзей, а праз некалькі кіламетраў іх зноў выкідвалі.

Стоп-кадр фільма «Госці»

Апынуўшыся сам у падобнай сітуацыі, Аляксей праз пэўны час арганізаваў прытулак для такіх людзей у вёсцы Аляксандраўка Шчучынскага раёна — ён даглядае іх, дапамагае выпраўляць дакументы. Не ўсе разумеюць дзейнасць Аляксея, але прыкладам для яго з’яўляецца Маці Тэрэза з Калькуты, што дае яму сілы пераадольваць штодзённыя цяжкасці.

Вялікай папулярнасцю ў моладзі Беларусі карыстаецца Парафіяда, і ў гэтым годзе яна ўпершыню была праведзена і ў Віцебскай дыяцэзіі. Ініцыятарам правядзення Парафіяды — спалучэння веры, спорту і культуры — быў святар з Польшчы айцец піяр Юзаф Ёнец SP, які загінуў у смаленскай авіякатастрофе ў 2010 г.

Фільм «Гэта быў чалавек. Успаміны пра а. Юзафа Ёнца SP» польскіх рэжысёраў Патрыцыі Міхоньскай-Дынэк і Славаміра Дынэка — перадусім ушанаванне памяці гэтага чалавека, які так шмат зрабіў для моладзі ў Касцёле.

«Мастацтва павінна быць праўдзівым, інакш гэта не мастацтва, а трэнд. Дзе няма праўды, там няма і мастацтва», — аб гэтым нагадваецца ў кінастужцы «Прыгажосць уратуе свет» іспанскага рэжысёра Хаўера Фігейра. Гэты фільм — разважанні пра мастацтва паводле Ліста Яго Святасці Папы Яна Паўла ІІ да людзей, якія яго ствараюць.


Стоп-кадр фільма «Прыгажосць уратуе свет»

«Ён зрабіў святасць нечым нармальным», — так было сказана пра Фрэнка Даффа, заснавальніка Лёгіёна Марыі. Фільм «Фрэнк Дафф і Лёгіён Марыі» ірландскага рэжысёра Пітэра Кёллі распавядае пра жыццё і дзейнасць свецкага чалавека, які здолеў стварыць адну з найбольш значных свецкіх арганізацый у Касцёле. Дублін часоў Фрэнка Даффа — гэта горад, у якім было шмат галечы матэрыяльнай, але ён звярнуў увагу на тое, што перадусім трэба змагацца з галечай іншага кшалту — духоўнай.

Для Бога няма нічога немагчымага – і закаранелы злачынца можа навярнуцца, радыкальна змяніўшы сваё жыццё: пра гэта распавядаецца ў фільме «Айцец Герман» беларускага рэжысёра Кацярыны Махавай.

Айцец Герман, які ціха і пакорліва нясе сваё служэнне ў мінскім кафедральным саборы, калісьці быў аўтарытэтам ў крымінальным асяроддзі, злачынцам, які меў шмат грошай. Здавалася, было зразумелым, якім чынам ён скончыць жыццё. Аднак ён здолеў падняцца з дна, у якім знаходзіўся, хоць гэта было страшэнна цяжка.

Гэтая гісторыя навяртання перадусім дае надзею тым, хто, магчыма згубіў надзею на перамену свайго жыцця – з Божай дапамогай магчыма ўсё, трэба толькі аддаць Богу ўсяго сябе.

Кацярына Лаўрыненка, фота signis.by 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.