Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Салезіянская сям’я Беларусі наведала родныя мясціны св. Яна Боско
Беларусь
01.09.2015 10:09

З нагоды святкавання 200-годдзя з дня нараджэння св. Яна Боско Салезіянская сям’я Беларусі наведала родныя мясціны святога ў Італіі. Аўтобусная пілігрымка адбылася з 18 па 28 жніўня.

Яна стала завяршаючай кропкай святкавання юбілею і была арганізавана як падзяка многім людзям за служэнне на хвалу Божую і карысць моладзі ў салезіянскіх супольнасцях, асабліва ў гэты юбілейны год. Асноўнай мэтай пілігрымкі стаў горад Турын – калыска салезіянскай харызмы.

Пілігрымка сабрала прадстаўнікоў усіх галін Салезіянскай сям’і і моладзь з усёй Беларусі: Мінска, Бараўлян, Смаргоні, Дзятлава, Жупран. Адказным за пілігрымку быў кс. Павел Шчарбіцкі SDB. Таксама суправаджалі пілігрымку ксёндз дэлегат Віктар Гайдукевіч SDB, кс. Станіслаў Краўчанка SDB, дыякан Алег Каралёў SDB, семінарыст Артур Ляшнеўскі SDB, якія, дзякуючы таму, што вучыліся ў гэтых святых мясцінах, падрыхтавалі цікавыя экскурсіі і дапамаглі пілігрымам акунуцца ў гісторыю і духоўнасць св. Яна Боско. Ім дапамагалі сёстры салезіянкі Валянціна Кот FMA і Вераніка Огар FMA.

Шлях пралягаў праз Ліхэнь (Польшча), Мюнхен (Германія), Колле Дон Боско (Італія), Турын (Італія), Удзінэ (Італія), Вена (Аўстрыя) Злін (Чэхія), Кракаў (Польшча). Кульмінацыяй кожнага дня была святая Імша ў інтэнцыях пілігрымаў і ўсіх, хто сустракаўся ім на шляху і каму яны паабяцалі малітву. Эўхарыстыю цэлебравалі святары, якія суправаджалі пілігрымку, у святынях салезіянскіх супольнасцяў, якія прымалі пілігрымаў на начлег.

У Колле Дон Боско (раней Бэккі) – месцы нараджэння св. Яна Боско – пілігрымы затрымаліся на чатыры дні. Пад’язджаючы да гэтай невялікай вёскі, вандроўнікі заўважылі дарожны знак з надпісам Terra dei santi (Зямля святых) – бо з гэтых месцаў паходзяць шматлікія святыя з Салезіянскай сям’і і не толькі. На Колле Дон Боско знаходзіцца музей, дзе калісці жыла сям’я Боско, там жа пабудаваны невялікі касцёл Марыі Успамогі Хрысціян. На месцы дома, дзе нарадзіўся святы, на узгорку ўзвышаецца базыліка св. Яна Боско, пабудаваная салезіянамі ў 1961-1965 гадах. Адметнасцю гэтай базылікі, як і многіх салезіянскіх святынь, з’яўляецца тое, што ў галоўным алтары знаходзіцца не ўкрыжаваны Хрыстус, але фігура Хрыста Уваскрослага: менавіта на Уваскрасенні Хрыста базуецца радасць, як адна з характарыстык салезіянскай харызмы. На сценах касцёла замест стацый Крыжовага шляху знаходзяцца стацыі Шляху Святла для разважання падзей Уваскрасення. Многія святыні пабудаваны такім чынам, што з левага і правага боку прэзбітэрыя знаходзіцца фігура Марыі Успамогі Хрысціян і табэрнакулюм, у адпаведнасці са знакамітым сном кс. Боско пра дзве калоны – Эўхарыстыю і Марыю, якія дапамагаюць пераадолець усе цяжкасці і дасягнуць неба.



 

У наступныя два дні пілігрымы пабывалі ў доме, дзе св. Ян Боско нарадзіўся, у Кастэльнуова, дзе атрымаў сакрамэнт хросту, у Марыальдо, у К’еры, дзе атрымліваў адукацыю і працаваў.

Святы Дамінік Савіо – адзін з выхаванцаў кс. Боско – таксама паходзіць адтуль, таму пілігрымы наведалі Мандоніо каля Бэккі, дзе праходзіла яго дзяцінства. Зараз св. Дамінік Савіо з’яўляецца апекуном міністрантаў і цяжарных жанчын, а таксама тых, хто мае клопат з зачаццем дзіцяці.

Наступныя два дні пілігрымы правялі ў Турыне на Вальдокка, месцы першага араторыя кс. Боско. Цяпер гэта салезіянскі квартал недалёка ад цэнтра Турына, які некалі пачынаўся са старога хлява Пінардзі, на месцы якога сёння дзейнічае капліца. На Вальдокка знаходзіцца базыліка Маці Божай Успамогі Хрысціян – своеасаблівая Мекка ўсіх салезіян свету. Гэты храм святы пачаў будаваць пасля сну, у якім Маці Божая дакладна паказала месца і прызначэнне святыні. У базыліцы захоўваюцца рэліквіі салезіянскіх святых: св. Яна Боско, св. Марыі Дамінікі Мадзарэлла, св. Дамініка Савіо. Таксама там ёсць капліца з парэшткамі іншых салезіянскіх і не толькі святых з усяго свету.

Як адзначыў ксёндз дэлегат Віктар Гайдукевіч SDB, гэтыя мясціны даюць зразумець, што ўсе раней атрыманыя веды становяцца нічым, калі прыязджаеш на гэтую Зямлю Святых і датыкаешся гісторыі пачатку ўсёй салезіянскай справы; кожны крок тут пераварочвае свядомасць салезіянскага паклікання і харызмы, становіцца выклікам, вяртае да вытокаў, каб быць больш аўтэнтычнымі салезіянамі, каб яшчэ больш паглыбіць і ўсвядоміць сэнс салезіянскага служэння і здзяйсняць яго ў адпаведнасці з запаветамі св. Яна Боско. На пачатку будавання базылікі кс. Боско зусім не меў грошай і даў будаўніку толькі некалькі лір, сказаўшы: “Астатняе заплаціць Марыя”. Так на фундаменце даверу Богу і заступніцтве Марыі Дон Боско пабудаваў гэтую святыню. Таксама дэлегат падкрэсліў, што, наведаўшы гэтую калыску салезіянскай святасці і зрабіўшы рахунак сумлення, усе павінны ўзяць адпаведныя пастановы і падзяліцца атрыманымі ласкамі.



 

Акрамя таго, пілігрымы пазнаёміліся з самім Турынам, наведалі катэдру, дзе захоўваецца Турынская Плашчаніца.

Зваротны шлях пралягаў праз салезіянскі дом у горадзе Удзінэ (Італія), Аўстрыю з наведваннем Вены, чэшскі горад Злін (дзе пілігрымаў таксама віталі салезіяне), Кракаў (Польшча).

Паводле www.sdb.by

(AG)

Фота www.sdb.by

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.