Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Рэкалекцыі для сясцёр салезіянак праходзяць у Шчучыне
Беларусь
05.08.2015 11:18


У гэтым годзе сёстры салезіянкі візітаторыі EEG “Маці Бога” (Беларусь, Грузія, Расія, Украіна) з 26 ліпеня па 10 жніўня перажываюць свае духоўныя рэкалекцыі ў Шчучыне ў айцоў піяраў. Ксёндз Уладзімір Кабак SDB дапамагае ў гэтым глыбокімі канферэнцыямі, святой Імшой, сакрамэнтам паяднання і малітвай.

Сёстры салезіянкі пакліканы быць знакам любячай прысутнасці Бога сярод моладзі і робяць гэта ў сваіх супольнасцях, парафіях, араторыях. Каб чым-небудзь падзяліцца, патрэбна гэтым валодаць, а найбольшы скарб, якім дзеляцца сёстры, - гэта сам Хрыстус. Адносіны з Ім сёстры ўмацоўваюць праз штодзённую супольную і асабістую малітву, разважанне над Божым словам, адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту, удзел у Эўхарыстыі, духоўнае чытанне. Таксама штогод у іх ёсць час рэкалекцый, каб спыніцца, адарвацца ад штодзённых абавязкаў і перагледзець гэтыя адносіны ў цішыні сам-насам з сабой і з Богам.


Адметнай рысай сёлетніх рэкалекцый стала сустрэча сясцёр усёй візітаторыі EEG. Паміж двума турамі рэкалекцый 2 жніўня ўпершыню ў гісторыі існавання візітаторыі EEG усе сёстры змаглі сустрэцца разам. Нагодай для гэтага стала “Свята ўдзячнасці” за шэсць гадоў ахвярнага служэння настаяцельніцы візітаторыі сястры Маргарыты Петрушчак FMA, а таксама кожнай сястры візітаторыі. У гэты ж дзень сёстры прывіталі новую настаяцельніцу візітаторыі EEG сястру Габрыэлю Родэ FMA.

Зранку ўдзельніцы рэкалекцый даручылі інтэнцыі падзякі і спадзяванні Богу падчас святой Імшы, на якой таксама сёстры юнёраткі Наталля Вакулішына FMA з Украіны і Вераніка Огар FMA з Беларусі склалі манаскія абяцанні чыстасці, убоства і паслухмянасці, а сястра Ганна Марыя Грэткерэвіч FMA, якая працуе ў Грузіі, дзякавала Богу за 25 гадоў вернага жыцця манаскімі абяцаннямі. Такім чынам яны выказалі жаданне далей ісці за Хрыстом.

Урачыстасць працягнулася ў салезіянскім радасным сямейным духу. Пасля святочнага абеду сёстры накіраваліся ў санктуарый Маці Божай Тракельскай, каб там разам з Паннай Марыяй перажыць наступны вельмі важны момант святкавання – супольную малітву і ўручэнне адноўленых Канстытуцый. Прыемным здзіўленнем для ўсіх сясцёр было тое, што абраз Маці Божай Тракельскай - гэта копія абраза Маці Божай Снежнай, у дзень якой і была заснавана Кангрэгацыя Дачок Марыі Успамогі (сясцёр салезіянак). А паколькі восенню 2014 года падчас ХХІІІ Капітулы былі ўнесены змены ў Канстытуцыю Кангрэгацыі ДМУ, гэты дакумент быў перадрукаваны, і менавіта тут, перад абразом Маці Божай, падчас вячэрняй малітвы кожнай з сясцёр былі ўручаны новыя Канстытуцыі.


Кангрэгацыя Дачок Марыі Успамогі была заснавана 5 жніўня 1872 года святым Янам Боско і святой Марыяй Дамінікай Маддзарэлла ў маленькай італьянскай вёсцы Морнэзэ. Святы Ян Боско заснаваў кангрэгацыю ў знак удзячнасці Маці Божай Успамозе Хрысціянаў, і кожная сястра мае быць Яе жывым помнікам. Кангрэгацыя вельмі хутка разрасталася, і сёстры салезіянкі выязжалі на місію па-за межы П’емонта, каб несці Хрыста людзям, працуючы сярод моладзі, асабліва найбольш патрабуючай. З 1991 года сёстры пачалі сваю дзейнасць у Беларусі. Зараз тут дзейнічаюць дзве такія супольнасці сясцёр: у Мінску яны працуюць ў парафіі Святога Яна Хрысціцеля (Серабранка) і парафіі Маці Божай Успамогі Хрысціянаў (Бараўляны), а таксама ў Смаргоні ў парафіі Святога Міхала Арханёла.

“Духоўныя рэкалекцыі – гэта вельмі важны час для кожнага чалавека. Час, які патрабуе адвагі і пакоры, каб з верай і любоўю ў праўдзе паглядзець на сябе, штосьці прыняць, штосьці змяніць, узяць пастановы, прыкінуць план, прыняць рашэнні. Жадаем кожнай сястры, глыбока перажыўшы гэты момант,  плённага служэння на жніве Пана”, - адзначае с. Вераніка Огар FMA.

(AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.